Абвяшчаць святло Духа Святога. У Пінску адбылася малітоўная сустрэча | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
29.05.2012 11:37

26–27 мая ў Пінску адбылася малітоўная сустрэча, прысвечаная ўрачыстасці Спаслання Духа Святога. Пачатак святкавання адбыўся ўвечары 26 мая на панадворку Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага. На малітоўную сустрэчу прыбылі ўдзельнікі з Бярозы, Брэста, Баранавіч, Вілейкі, Гудагая, Лагішына, Мінска, Новай Мышы, Шчучына і іншых мясцін Беларусі.

Напачатку сваю праграму прадставіў танцавальны гурт «Усмешка» — удзельнік міжнароднага фестывалю «Акно на ўсход». Сваім музычным талентам і малітвамі падзяліліся з прысутнымі гурты «Небасхіл» (г. Мінск) і «Маран-Ата» (г. Брэст). Напрыканцы выступіў музычны гурт «Подых Духа» МВДС у Пінску.

Кульмінацыйнай часткай святкавання была святая Імша, якую ўзначаліў кс. Эдуард Мігай, арганізатар сустрэчы. У гаміліі святар заахвоціў прысутных да перамены сэрца і да абвяшчэння святла Духа Святога тым, хто пра Яго не ведае. Пасля Эўхарыстыі прысутныя ўдзельнічалі ў адарацыйным чуванні, якое завяршыла малітоўную сустрэчу.

Раман Суша, семінарыст

 
© 2003-2022 Catholic.by