70-годдзе мучаніцкай смерці кс. Альфонса Аляшчука адзначалі ў Новай Мышы | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
16.07.2012 13:23

13 ліпеня 2012 г. у парафіі Перамянення Пана ў Новай Мышы (Пінская дыяцэзія) вернікі і духавенства прынялі ўдзел ва ўрачыстай святой Імшы пад кіраўніцтвам свайго ардынарыя біскупа Антонія Дзям’янкі. Нагодай для літургіі стала 70-годдзе мучаніцкай смерці кс. Альфонса Аляшчука, вядомага душпастыра, які ахвярна служыў сваім парафіянам.

Будучы святар Альфонс Аляшчук нарадзіўся 14 снежня 1902 г. у Драгічыне (Польшча). Скончыў духоўную семінарыю ў Пінску, святарскае пасвячэнне прыняў у 1932 г. У 1933 г. быў прызначаны адміністратарам парафіі Перамянення Пана ў мястэчку Новая Мыш. Адначасова выконваў абавязкі адміністратара парафіі ў Жалезніцы.

28 красавіка 1942 г. кс. Аляшчук разам з іншымі святарамі Пінскай дыяцэзіі быў арыштаваны беларускай паліцыяй. Быў расстраляны з 17 святарамі і 23 вернікамі каля вёскі Kaлдычэвa (15 км ад Баранавіч) узводaм лiтoўскагa зoндэра.

Памяць аб душпастыры жывая сярод старэйшых жыхароў Новай Мышы, якія ўспамінаюць яго як руплівага святара, які ахвярна служыў людзям, асабліва атачаючы апекай дзяцей і моладзь. Падчас святой Імшы біскуп Дзям’янка таксама ўзгадаў аб гэтай вернасці і руплівасці кс. Аляшчука, адзначыўшы, што той «аддаваў жыццё за сваіх парафіян, якіх вельмі любіў». «Мы таксама, калі будзе такая патрэба, павінны аддаць сваё жыццё за братоў», — дадаў біскуп.

Ксёндз Аляшчук мог уратаваць сваё жыццё, аднак дзеля дабра вернікаў не скарыстаўся з гэтай магчымасці і не пакінуў іх, а застаўся з імі да канца ажно да мучаніцкай смерці. Па словах біскупа Дзям’янкі, «ксёндз Альфонс быў сапраўдным сведкам, бо жыў тым, што абвяшчаў вуснамі».

Таксама, як падкрэсліў іерарх, сёння ніхто не памятае тых, хто забіваў святароў і вернікаў, але ў памяці жывуць тыя, «хто аддаў з любові да Бога і Яго Касцёла сваё жыццё».

Пасля смерці кс. Аляшчука парафія на працягу гадоў заставалася без святара і духоўнай апекі. Сёння ж з яе паходзіць шмат святарскіх пакліканняў. Такім чынам, на гэтым прыкладзе спраўдзіліся словы Тэртуліяна: «Кроў мучанікаў — гэта пасеў хрысціян». Кроў вернікаў і святароў стала насеннем для новых пакліканняў з парафіі ў Новай Мышы.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by