У Пінску адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя гадавіне адыходу ў вечнасць кардынала Свёнтка | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
23.07.2012 13:04

Год таму адышоў па вечную ўзнагароду да Бога кардынал Казімір Свёнтэк, які на працягу многіх гадоў ахвярна служыў Касцёлу на Усходзе. 21 ліпеня ў Пінску адбыліся ўрачыстасці, прымеркаваныя да гадавіны смерці іерарха.

Заслугі кардынала Свёнтка для Касцёла ў Беларусі вялізныя. Іерарх зрабіў вялікі ўклад у справу аднаўлення матэрыяльнага Касцёла, але вельмі дбаў і аб яго духоўным вымярэнні. Кардынал паспрыяў аднаўленню катэдральных касцёлаў у Мінску і Пінску, яго стараннямі нанава пачала дзейнічаць вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску. Кардынал застанецца ў памяці многіх католікаў усёй Беларусі як добры пастыр, што клапаціўся аб сваёй аўчарні і жадаў ёй дабра.

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі віталі на ўрачыстасцях Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, біскупа Луцыяна Трафімяка з Украіны, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека. Удзельнічалі дэлегацыі святароў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. Набажэнствы ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка.

Перад святой Імшой кс. др. Станіслаў Паўліна, канцлер пінскай курыі, прадставіў прысутным жыццёвы шлях кардынала Свёнтка. Ксёндз Паўліна, які шмат гадоў працаваў з іерархам, узгадаў яго як чалавека адданага да канца сваёй справе.
 
На пачатку Імшы былі зачытаны лісты з запэўненнем у духоўнай лучнасці, якія даслалі біскуп Антоній Дыдыч, кардынал Юзаф Глемп, прымас Польшчы на пенсіі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы арцыбіскуп Юзаф Міхалік.

Уступнае слова ад імя епіскапату Беларусі прамовіў біскуп Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што са смерцю кардынала Свёнтка Касцёл у нашай краіне панёс вялікую страту, «а кожны з нас адчуў сябе нібыта асірацелым». «Ад нас адышоў чалавек нязломнай веры, верны сведка Хрыста, руплівы пастыр, які па-айцоўску клапаціўся аб давераным яму людзе», — падкрэсліў біскуп і заахвоціў да ўдзячнасці Богу за спачылага: «Наша сённяшняя малітва і святая Імша ў інтэнцыі святой памяці кардынала Свёнтка няхай будуць перадусім выразам нашай удзячнасці за яго прыгожае сведчанне веры, за ўсё дабро, якое ўчыніў, за яго працу і прысвячэнне ў служэнні чалавеку».

Мітрапаліт Кандрусевіч у гаміліі адзначыў, што ў першую гадавіну смерці кардынала мы дзякуем Богу за гэтага іерарха, «які быў абраны Божым Провідам і пастаўлены ў адпаведны час і ў адпаведным месцы». Мітрапаліт нагадаў, што кардынал зрабіў вялікі ўклад у адраджэнне Касцёла ў Беларусі. «У цяжкія часы, калі людзі асабліва патрабавалі Бога, ён быў для іх прыладай сустрэчы чалавека з Панам», — дадаў арцыпастыр. Кажучы пра розныя сітуацыі ў жыцці кардынала, Мітрапаліт згадаў пра яго прабыванне ў вязніцы, падкрэсліўшы, што ён быў там «знакам надзеі для тых, хто дзяліў з ім лёс вязня».

«Нашы продкі — гэта фундамент, які стварае будучыню», — адзначыў Мітрапаліт. Памяць пра кардынала Свёнтка, дадаў іерарх, жывая, і спачылы застаецца для нас прыкладам вернасці Богу і свайму пакліканню.

Біскуп Антоні Дзям’янка, кажучы пра кардынала, пажадаў вернікам: «Прыклад яго самаадданага служэння Богу, Касцёлу, жыхарам Пінска, Палесся, Беларусі і Паўсюднаму Касцёлу няхай нас узмацняе ў веры на шляху, які Божы Провід нам прызначыў у гэтым горадзе, дыяцэзіі, мітраполіі, краіне. Аб кветцы гаворыцца — расцвіла ў тым месцы, дзе Бог вызначыў ёй месца. І прыгожае жыццё святой памяці кардынала прыпамінае нам тую ж праўду. Няхай разважанне над руплівым жыццём гэтага Сведкі Веры заахвоціць і нас да жыцця ў святасці — у месцы, дзе нам Бог прызначыў жыць, збіраць і памнажаць плады нашых учынкаў на вечнасць, каб яны былі багатымі».

Пасля Імшы прысутныя з малітвай «Анёл Панскі» накіраваліся да крыпты, дзе пахаваны кардынал.

Напрыканцы ўрачыстасцяў у будынку духоўнай семінарыі адбылося адкрыццё выстаўкі, прысвечанай памяці кардынала Свёнтка. Выстаўка прадстаўляла розныя моманты з дзяцінства, маладосці, сталых гадоў спачылага да апошніх момантаў яго жыцця.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2022 Catholic.by