Урачыстасці ў Росіцы: благаслаўлёныя пакутнікі вучаць спадзявацца на Бога | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
07.08.2012 15:28

У 1988 годзе, пасля працяглага перапынку, росіцкая парафія зноў пачала дзейнічаць. Аб гэтых пачатках дзейнасці пасля «перабудовы» і нагадаў ксёндз Чэслаў Курэчка МІС 3–4 жніўня падчас урачыстасцяў у Росіцы, якія ў гэтым годзе былі прысвечаны ўспаміну подзвігу благаслаўлёных ксяндзоў-пакутнікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча і святкаванню 100-годдзя росіцкай святыні.

Лёс Валянціны Баляславаўны Марцінкевіч (у дзявоцтве Маслоўскай) непарыўна звязаны з росіцкай парафіяй і яе святыняй. У росіцкім касцёле ў свой час пабраліся шлюбам яе бацькі Гунефа і Баляслаў. Тут у 1933 годзе яна нарадзілася ў в. Клагішы, і неўзабаве ў росіцкім касцёле ксёндз Эдвард Вайцяховіч удзяліў ёй сакрамэнт хросту. У гэтую святыню маленькая Валя прыходзіла на заняткі па катэхізісе, якія праводзілі благаслаўлёны ксёндз Антоній Ляшчэвіч і сястра эўхарыстка Ядзвіга Віршута. Тут жа з рук ксяндза Ляшчэвіча яна прыняла Першую Камунію, прыступіўшы перад гэтым да першай споведзі ў гэтага благаслаўлёнага святара. На памяць аб гэтым маленькая Валя атрымала ад ксяндза Антонія абразок і ружанчык.

Абразок у яе адабралі у канцлагеры «Саласпілс», куды яна трапіла разам з маці і малодшай сястрой Лідай у тым жахлівым лютым у 1943 годзе. А вось ружанчык цудам удалося захаваць, і, пэўна, толькі малітва ды заступніцтва благаслаўлёнага святара дапамаглі ёй выжыць у тых жахлівых умовах. Дзяўчынка ўжо памірала ад голаду, калі ёй пачала апекавацца адна полька, якая прыносіла ёй трошкі ежы, і гэта выратавала яе. Потым яна трапіла да аднаго гаспадара на працу, дзе пасля вайны яе і знайшла маці, якая таксама перажыла жах канцэнтрацыйных лагераў, у тым ліку такіх, як Майданэк і Асвенцым. Знайшлася ў дзіцячым доме і малодшая сястра Ліда. Сюды сям’я Маслоўскіх і вярнулася. Балюча было глядзець на апаганеную святыню і балюча было ўспамінаць, сведкай якіх падзей стаў гэты касцёл. На Імшу прыходзілася дабірацца ў латвійскія касцёлы. А мама, вельмі пабожная жанчына, забараніла сваім дочкам уступаць у піянеры і камсамол. А колькі ж радасці было, калі пачалося аднаўленне святыні! Валянціна Баляславаўна ўспамінае, як вычышчалі касцёл ад смецця, як збіралі камяні… «Ксёндз Антоній для мяне як родны бацька. Свайго бацьку я амаль не памятаю, ён загінуў на фінскай вайне. Памятаю толькі, як тата ў калгасе працаваў, а я насіла яму ў поле абед. А росіцкі касцёл для мяне як родны дом. Зараз я вельмі хварэю, але ўсё роўна мне хочацца быць кожную нядзелю на Імшы», — гаворыць яна.

Ядзвіга Станіславаўна Бараноўская (у дзявоцтве Урбан) таксама належыць да росіцкай парафіі, нарадзілася ў 1934 г. у в. Межалы, што ў трох кіламетрах ад Росіцы. У яе таксама свае ўспаміны, звязаныя з росіцкай святыняй. У вайну яе родная вёска была спалена, і пасля вызвалення гэтых мясцінаў сям’я Урбанаў, якая падчас вайны страціла дваіх дзяцей (старэйшая сястра Марыя памерла падчас ленінградскай блакады, а брат Язэп загінуў на фронце), разам з іншымі сем’ямі знайшла прытулак у касцёле. Там жа і памерла яе маці. «Вось тут, з правага боку алтара, яна і ляжала. Пахавалі без ксяндза тут жа на могілках за касцёлам, дзе былі пахаваныя нашыя і дзяды і прадзеды, — выціраючы слёзы, апавядае Ядзвіга Станіславаўна. — Мама памерла 14 жніўня, а 2 верасня яшчэ адзін брат падарваўся на гранаце, пашучы зямлю каля Ахрамеева». Так што з вялікай сям’і Урбанаў засталіся толькі бацька і двое дзяцей, якія і перабраліся з касцёла ў сваю хату толькі ў 1947 годзе. Тут жа, у гэтых мясцінах, яна выйшла замуж, тут і пражыла сваё жыццё.    

Першы касцёл у Росіцы паўстаў дзякуючы Мікалаю Лапацінскаму, берасцейскаму ваяводу, які ў 1753 годзе набыў Росіцу разам з Сар’яй у Сапегаў. Перад сваёй смерцю ў 1778 годзе ён і фундаваў першы драўляны касцёл у Росіцы. Далей касцёл будаваў яго сын Тамаш-Ігнацы. Ён быў асвечаны ў 1792 годзе ў імя Святой Тройцы, Святога Юзафа і Сэрца Езуса родным братам Тамаша — суфраганам Камойцкім і біскупам Трыпалітанскім Юзафам Лапацінскім. Дарэчы, пасля сваёй смерці ў 1803 годзе ён быў пахаваны ў падмуркавых скляпеннях драўлянага касцёла. З часам драўляны касцёл не мог задаволіць патрэбы росіцкай парафіі, якая напрыканцы ХІХ стагоддзя налічвала 6000 чалавек, а на пачатку ХХ стагоддзя — 8000 чалавек і была найвялікшай у Віцебскай губерні. Аднак пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Росіца апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе афіцыйным веравызнаннем было праваслаўе. Акрамя гэтага, у выніку паўстанняў ХІХ стагоддзя, у якіх актыўны удзел прымала і каталіцкае духавенства, царскія ўлады ўсяляк абмяжоўвалі дзейнасць Каталіцкага Касцёла. У прыватнасці, пасля паўстання 1863–1864 гадоў згодна з цыркулярам генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва, будаўніцтва касцёлаў у заходніх губерніях, а таксама алтароў, капліц, іх рамонт і перабудова не дапускаліся без пэўнага дазволу. У 1896 годзе гэты цыркуляр быў адменены, аднак абмежаванні ў гэтым кірунку засталіся. Нарэшце, пасля 17 красавіка 1905 года, калі быў выдадзены так званы «ўказ аб верацярпімасці», католікі атрымалі дазвол пры неабходнасці і наяўнасці сродкаў будаваць касцёлы ва ўсіх месцах Расійскай імперыі. 14 чэрвеня 1905 года Магілёўская рыма-каталіцкая духоўная кансісторыя дала дазвол на пабудову новага росіцкага касцёла. У 1906 годзе быў асвечаны закладны камень, і пробашч кс. Тодар Кулікоўскі распачаў будаўніцтва новага каменнага касцёла, аднак у 1910 годзе быў пераведзены ў новую парафію. Яго наступнікам стаў ксёндз Казлоўскі. Нямала зрабіў для касцёла і ксёндз Прамоўскі (Пржэмоцкі) Хрызагон. Паводле звестак Леаніда Маракова, у гэтым касцёле працавалі і такія святары, як кс. Юліян Бандзо і кс. Мечыслаў Лявіцкі.

20 снежня 1911 года ў Росіцы быў асвечаны новы каменны касцёл Сэрца Езуса і святога Антонія Падуанскага. У 1914 годзе пачынаецца Першая сусветная вайна, 1917 год прынёс рэвалюцыйныя падзеі. З 1919 адміністратарам парафіі стаў ксёндз Пётр-Бярнард Капуста, ураджэнец гэтых мясцінаў. Аднак у 1930 годзе ён быў арыштаваны і 1 лістапада 1937 года расстраляны. Наступным святаром у Росіцы з 1930 года стаў ксёндз Эдвард Вайцяховіч, аднак 28 чэрвеня 1934 года ён быў арыштаваны, а ў 1935 годзе расстраляны. У выніку росіцкая парафія спыніла сваё існаванне, у самім касцёле месцілася хата-чытальня. Неўзабаве былі разбураны вежы касцёла.

1941 год прынёс чарговую навалу, аднак пасля працяглага перапынку, 15 жніўня 1941 года  ксёндз Юзаф Гайлевіч, які прыехаў з Латвіі, цэлебраваў у росіцкім касцёле Імшу. Вернікі, якія жадалі мець свайго пастыра, запрасілі з Друі благаслаўлёнага ксяндза марыяніна Антонія Ляшчэвіча, і ўжо напрыканцы кастрычніка адбыўся фэст на ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. У ліпені 1942 года да ксяндза Ляшчэвіча далучыўся кс. Юрый Кашыра. У жахлівыя лютаўскія дні 1943 года росіцкая парафія спыніла сваё існаванне, а яе пастыры, не пакінуўшы сваіх авечак, пайшлі разам з імі ў агонь.

Пасля вайны мала хто з мясцовых жыхароў, якія здолелі выжыць, вярнуліся сюды. Сам касцёл выкарыстоўваўся як склад, сюды заязджалі трактары. Аднак мала хто ведае, што і ў пасляваенны час былі спробы аднавіць дзейнасць росіцкага касцёла. Так, у 1956 годзе 225 жыхароў вёсак Ворзава, Крывасельцы і Сандоры накіравалі тры заявы да ўпаўнаважанага па справах рэлігійных культаў пры Віцебскім аблвыканкаме з просьбай аднавіць дзейнасць святыні. Вядома ж, вернікам было адмоўлена. А ў 1958 годзе з падобнай просьбай да ўпаўнаважанага звярнуўся ксёндз Вінцэнты Варша, ураджэнец суседняй, не існуючай таксама на той час асвейскай парафіі, які вярнуўся пасля знаходжання ў сталінскіх лагерах. Ён таксама нагадаў, што на сценах касцёла трэба намаляваць выявы людзей, загінуўшых у тыя жахлівыя лютаўскія дні 1943 года. Аднак такім чынам ажывіць рэлігійнае жыццё тут абсалютна не ўваходзіла ў планы ўладаў. Упаўнаважаны загадаў святару неадкладна пакінуць межы Віцебскай вобласці.

Падчас сёлетніх урачыстасцяў у Росіцы, звяртаючыся да вернікаў, кс. Чэслаў Курэчка адзначыў: «Можна сказаць, што гэтая святыня нашмат старэйшая. Думаю, што за некалькі лютаўскіх начэй, калі на гэтай падлозе людзі маліліся і рыхтаваліся ісці ў полымя, касцёл стаў старэйшым ад стогнаў і енкаў нявінных ахвяраў». Святар узгадаў постаць ксяндза Антонія Лася МІС старэйшы, што адышоў ужо ў вечнасць, які распачаў тут у 1988 годзе душпастырскую дзейнасць і разам з парафіянамі пачаў рамонт гэтай святыні, ужо пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы;  узгадаў і тых, хто, не шкадуючы сіл і часу, дапамагаў у аднаўленні святыні, хто выкідваў з гэтага касцёла вялікую колькасць смецця, што пакінула бязбожная ўлада.

Новае асвячэнне касцёла здзейсніў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін 19 жніўня 2000 года, а пасля пачатку аднаўлення тут неслі душпастырскую паслугу ксёндз Антоній Лось МІС малодшы, кс. Пётр Бярнацкі МІС, кс. Пётр Срока МІС, кс. Вячаслаў Пялінак МІС, кс. Аляксандр Шамрыцкі МІС. На сённяшні момант пробашчам парафіі з’яўляецца кс. Генрык Кулеша МІС.

Звяртаючыся да прысутных, ксёндз Чэслаў Курэчка сказаў: «Мы стаім каля алтара, ля якога маліліся благаслаўлёныя пакутнікі. На гэтай святой Імшы мы прымем Цела і Кроў Хрыста каля алтара, дзе мацавалі сваю веру людзі, каб з надзеяй пераступіць парог у вечнасць. Няхай і нам гэтыя святыя таямніцы дададуць моцы, надзеі і любові, каб не баяліся ні нянавісці, не бязвер’я, ні смерці, а ва ўсім спадзяваліся на Пана Бога».

Святар выразіў удзячнасць Генеральнаму вікарыю Віцебскай дыяцэзіі, які ў свой час прывёз першых пілігрымаў у гэтае святое месца, калі сцены касцёла былі чорнымі і разбуранымі, і якога папрасіў узначаліць святую Імшу для пілігрымаў.

Па традыцыі на росіцкія ўрачыстасці заўсёды прыходзяць пілігрымы. У гэтым годзе ў Росіцу прыбыла велапілігрымка з Жодзіна, пешыя — з Барысава, Полацка і ў 13-ы раз з Друі, у гэтым годзе пад дэвізам «У моцы любові ўкрыжаванай» і пад кіраўніцтвам ксяндза Пятра Бярнацкага МІС.  

У гаміліі падчас Імшы для пілігрымаў кс. Аляксандр Жарнасек МІС адзначыў: «Святасць не палягае на тым, што ты робіш нешта незвычайнае». Святар прыгадаў, што святой памяці кс. Люцыян Паўлік МІС, які асабіста ведаў благаслаўлёнага пакутніка кс. Юрыя Кашыру, жартам казаў, што той трапіў у Божае Валадарства на санях. Ксёндз Паўлік МІС казаў, што гэта быў такі звычайны просты Юрка, «і прыйшоў такі момант, калі гэты звычайны просты Юрка апынуўся ў Божым Валадарстве. Святасць палягае на тым, што ў пэўным моманце ты пачынаеш любіць Бога. Калі б бл. Юрый Кашыра не любіў Бога, ён быў бы няздольны аддаць сваё жыццё. Гэта было б немагчыма. Святасць пачынаецца намнога раней, чым чалавек памірае. Святасць не ў тым, што ты зрабіў, а ў тым, наколькі ты палюбіў Пана».

Святую Імшу апоўначы ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. На пачатку Імшы слова ўзяў дэлегат айца правінцыяла Польскай правінцыі ксёндз Томаш Навачэк МІС, які прывітаў біскупа, святароў, сясцёр законных і вернікаў, а таксама прадстаўнікоў свецкіх уладаў. Святар сказаў, што прысутнічае на росіцкіх урачыстасцях упершыню і перажывае вялікае ўзрушэнне, што крочыць па зямлі благаслаўлёных Юрыя і Антонія. «Усведамляючы іх пакутніцкую смерць, я шукаю Божай волі ў гэтым здарэнні для нашай Кангрэгацыі сёння. Некалькі гадзін я правёў, чытаючы аб здарэннях тых часоў, і раблю выснову, што гэтыя благаслаўлёныя з’яўляюцца іконай, асабліва для святароў і вернікаў гэтай зямлі. Асмелюся сказаць, што на гэтай святой зямлі споўнілася слова Евангелля аб добрым пастыру, які аддае жыццё за сваіх авечак. І гэтыя пастыры былі не толькі для католікаў, але і для хрысціянаў іншых вызнанняў. Пастанавілі ўсіх у еднасці весці ў неба: вернікаў і няверуючых, католікаў і некатолікаў. І думаю, што асабліва маі субраты, якія з’яўляюцца наймалодшай часткай нашай Кангрэгацыі, павінны знаходзіць натхненне для сваёй душпастырскай паслугі  ў постаці благаслаўлёных, павінны быць іконай адзінства паміж сабой і адвагі ў абвяшчэнні Евангелля, а калі трэба — з Божай дапамогай аддаць жыццё за сваіх авечак», — адзначыў дэлегат айца правінцыяла.

Біскуп Велікаселец у сваю чаргу сказаў, што жадае ахвяраваць гэтую Імшу за тое, каб Святы Айцец узнёс благаслаўлёных пакутнікаў Юрыя і Антонія да хвалы святых.

На месцы пакутніцкай смерці благаслаўлёных і іх паствы, куды пасля Імшы з працэсіяй з запаленымі свечкамі прайшлі вернікі разам з біскупам, святарамі і законнымі сёстрамі, пад крыжам, што высока ўздымаецца ў неба, была насыпана зямля, прывезеная з ГУЛАГаўскага лагера, дзе загінуў не адзін беларускі святар.

Біскуп Велікаселец узначаліў таксама святую Імшу апоўдні. У гаміліі іерарх нагадаў, што калі мы хочам мець поспех у жыцці сямейным, асабістым і грамадскім, то павінны выконваць Божыя запаведзі. Імша завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.

Шматлікія вернікі, якія прыязджаюць у Росіцу, заўсёды кажуць, што гэтае святое месца іх умацоўвае духоўна, дададае сілы і адвагі, гоіць душэўныя раны. Вядома ж, гэтаму спрыяюць малітвы, што ўзносяцца праз заступніцтва благаслаўлёных росіцкіх пакутнікаў у касцёле і на месцы іх гібелі. Праграма росіцкіх ўрачыстасцяў на працягу сутак дае вернікам магчымасць няспыннай малітвы праз удзел у святой Імшы, набажэнствах і чуваннях. Падчас сёлетніх урачыстасцяў былі арганізаваны і дадатковыя культурныя мерапрыемствы. Да стагоддзя росіцкай святыні ў яе сценах была адкрыта выстава жывапісу і графікі «Званы Росіцы», дзе прадстаўлены творы мастакоў Валерыя Шчаснага, Карліса Буша, Наталлі і Аляксандра Аніськовічаў. Таксама былі падрыхтаваны два стэнды, дзе расказвалася аб гісторыі парафіі. Прайшлі канцэрты духоўнай і класічнай музыкі.

Росіцу сапраўды цяжка пакідаць. Аднак кожны раз ты ведаеш, што пройдзе трохі часу — і ты зноў вернешся сюды, у гэтую святыню, і зноў падыдзеш да алтара, на якім склалі сваю ахвяру благаслаўлёныя пакутнікі Юрый і Антоній.
 
Кацярына Лаўрыненка

 
© 2003-2022 Catholic.by