Пілігрымуючы да Маці Божай Каралевы Палесся | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
29.08.2012 12:57

«Божа, вядзі мяне за руку да шчасця ў небе шляхам пакут…» Калі б хоць аднойчы вам давялося апынуцца ў прамежак з 18 па 21 жніўня на дарозе, якая вядзе з Бярозы ў Лагішын, вы не толькі пачулі б спеў гэтай песні, але і ўбачылі б сапраўдных пілігрымаў. Яны крочаць шляхам пакут і ачышчэння да санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне (па гэтай дарозе ўжо 10 гадоў запар), каб, ахвяруючы сваё сэрца і сілы, скласці перад Марыяй просьбы і падзяку.

У кожнага пілігрыма на такую вандроўку ёсць свае падставы: адны церпяць складанасці шляху, каб праз заступніцтва Маці Божай папрасіць Бога аб патрэбных ласках, другія — каб падзякаваць за штосьці, іншыя — каб адпачыць душой і ўмацавацца ў веры. Але, несумненна, кожны, праслаўляючы Бога спевам і малітвай на Палессі, ідзе ў Петрапаўлаўскую святыню ў Лагішыне, каб пакланіцца цудадзейнаму абразу Маці Божай.

Кожны пілігрым, нават самы малы, ведае гісторыю абраза. Пачынаецца яна з часоў шведскіх наездаў. Тады ў Лагішыне падчас пажару згарэла ўся вёска, аднак не згарэла святыня, у якой знаходзіўся абраз. У хуткім часе яна пачала славіцца шматлікімі цудамі, сярод якіх былі таксама аздараўленні. У 1863 годзе каталіцкую святыню перанеслі на праваслаўныя могілкі, а абраз захоўваўся ў праваслаўнай царкве. Там ён знаходзіўся аж да 1938 года, пакуль каталіцкая моладзь не прыйшла па яго. Абраз быў адноўлены, і біскуп Казімір Букраба ўрачыста змясціў яго ў галоўным алтары лагішынскага касцёла. У маi 1997 года адбылася каранацыя цудадзейнага абраза. Кароны на выяву Маці Божай усклаў кардынал Казiмiр Свёнтэк.

Першая пілігрымка да Маці Божай Каралевы Палесся прыйшла 15 гадоў таму з Баранавіч. У ёй удзельнічалі 17 чалавек. Сёлета, як адзначыў падчас урачыстай Імшы ксёндз Уладзімір Буклярэвіч, пілігрымаў было ўжо 600. «І гэта вялікая радасць, таму што вы паказваеце іншым, што ў вашых сэрцах жыве Езус», — звярнуўся святар да пілігрымаў.

А які шлях пілігрыма?

«Шлях паломніка сапраўды няпросты. Многае залежыць ад надвор’я, якое часам прыносіць навальніцу, а часам пякучае сонца. Пазней мімаволі пачынаеш думаць толькі аб тым, як бы ступіць, каб не было балюча, ці аб тым, што холадна», —падзяліўся 22-гадовы пілігрым Павел.

Аднак надвор’е — гэта не адзіная складанасць, з якой падчас вандроўкі сутыкаюцца пілігрымы. Ужо праз некалькі кіламетраў з’яўляюцца першыя балючыя мазалі, а часам расцяжэнні. Не спыняе пілігрымаў і тое, што бліжэйшыя тры ночы яны павінны будуць правесці ў спальных мяшках на падлогах вясковых школ. Кагосьці можа здзівіць і тое, што многія ідуць ужо не ў першы раз, як, напрыклад, у другі раз ішоў 6-гадовы Макар.

Тым не менш, пераадольваючы складанасці, пілігрымы неаднойчы перажываюць хвіліны вялікай радасці. Так, на працягу апошняга дня шляху пілігрымы нясуць камяні, з якіх складуць «гару прабачэння». Праз гэты акт, які патрабуе фізічных высілкаў, яны жадаюць адчуць цяжар свайго граху і адрачыся ад яго. А гэта нясе радасць. Безумоўна, поўны радасці і момант прыйсця ў санктуарый, дзе ў глыбокай цішыні, з пачуццём шчасця і лёгкасці пілігрым схіляецца да зямлі, вітаючы Маці Божую.

Гледзячы на маладых пілігрымаў, хочацца спытаць: чаму гэтыя юнакі і дзяўчаты вырашаюць ісці такім цяжкім шляхам?

Для 19-гадовай Ганны гэта сустрэча на малітве з Маці Божай і духоўны адпачынак сярод іншых хрысціянаў і душпастыраў, якія сваім прыкладам паказваюць, чым сапраўды ёсць міласэрнасць, любоў і дабрыня.

У Беларусі акрамя санктуарыя Маці Божай у Лагішыне ёсць і іншыя святыні, куды штогод прыходзяць пілігрымы, большасць з якіх — моладзь. І, як заўважыў падчас святочнай літургіі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, «важна падтрымліваць у іх сэрцах веру і імкненне да святасці, бо моладзь — гэта будучыня Касцёла».

 Юлія Бязрукава

 
© 2003-2024 Catholic.by