Удзельнікі руху «Сужэнскія сустрэчы» адзначылі Дзень маці | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
17.10.2012 17:21

14 кастрычніка 2012 г. сем’і руху «Сужэнскія сустрэчы» з Баранавіч на чале са сваім духоўным кіраўніком а. Конрадам Патыкам вырашылі адзначыць Дзень маці наведваннем культурнай сталіцы Беларусі — Нясвіжа.

Гэты цудоўны дзень прайшоў у духу любові і еднасці. Мы не абмяркоўвалі планавых тэмаў, а проста пабылі разам, размаўлялі аб харастве прыроды, аб здольнасцях чалавека і дарах, якія дае яму Бог. Багатае ўбранства нясвіжскага замка, цішыня яго пакояў, прыгажосць восеньскіх пейзажаў асаблівым чынам спрыялі такому дыялогу. У цішыні крыпты, дзе знаходзяцца астанкі прадстаўнікоў роду Радзівілаў, мы ўшанавалі памяць тых, хто сваім жыццём даў сведчанне веры і праславіў Бога.

Удзел у святой Імшы ў нясвіжскім касцёле стаў своеасаблівым знакам і пацвярджэннем таго, што гэты дзень мы пражылі ў лучнасці з Богам і ў кантакце адно з адным. Гэтае благаслаўлёнае месца напоўніла нас духоўным зарадам і самымі найлепшымі пачуццямі.

Нам таксама пашчасціла пабачыць старэйшы касцёл у Беларусі ў вёсцы Ішкалдзь Баранавіцкага раёна. Там нас гасцінна прывітаў ксёндз пробашч  Мацей Шмытоўскі, які пазнаёміў з гісторыяй касцёла, расказаў аб гераічных людзях-парафіянах. Сумесная малітва ў старажытнай святыні на зыходзе дня была падзякай Богу ад усіх нас за гэты дзень, напоўнены шчасцем, радасцю і Божым супакоем.

Аляксандр і Святлана Квяткоўскія



 

 
© 2003-2024 Catholic.by