На вечную памяць: у парафіі Св. Юрыя біскуп Антоні Дзям’янка асвяціў новыя званы | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
22.10.2012 19:48

21 кастрычніка ў парафіі Святога Юрыя (Пінская дыяцэзія) адбылася падзея, якая ўвойдзе не толькі ў гісторыю мясцовага касцёла, але і ў гісторыю старажытнай мясцовасці Паланэчка, звесткі пра якую вядомы ўжо з ХVI ст. Тут, дзякуючы ахвярадаўцам з роду Радзівілаў — сям’і князя Мацея Радзівіла, нашчадка апошняга ўладальніка мястэчка Паланэчка, а таксама намаганням пробашча кс. Мацея Шмытоўскага, вернікаў парафіі і людзей добрай волі былі асвечаны і ўстаноўлены тры званы.

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дзякуючы ахвярадаўцам за такі цудоўны дар для святыні, адзначыў, якую важнасць маюць званы ў жыцці вернікаў і касцёла.

На ўрачыстасці прысутнічалі князь Мацей Радзівіл са сваёй жонкай — Марыяй Аннай, княгіняй Радзівіл, прадстаўнікі консульства Польшчы ў г. Брэсце, а таксама шматлікія госці і вернікі.

Тры званы — «Радзівіл» (як памятка на ўшанаванне вялікага роду, звон важыць 150 кг), «святы Міхал» (на ўшанаванне Арханёла Міхала, важыць 80 кг), «святы Юры» (на ўшанаванне святога Юрыя, апекуна касцёла і парафіі, а таксама як падзяка і ўспамін пра кс. Ежы Росяка, шматгадовага руплівага пробашча, важыць 50 кг) — радасна напоўнілі сваім чыстым і непаўторным звонам наваколле Паланэчкі — былога фальварку Радзівілаў.

Больш падрабязна пра ўрачыстасць чытайце ў лістападаўскім нумары часопіса «Ave Maria».

М. Новікаў

 
© 2003-2021 Catholic.by