Прайшоў Першы кангрэс беларускіх аніматараў руху «Сужэнскія сустрэчы» | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
23.01.2013 11:19

18–20 студзеня ў доме айцоў вербістаў у Баранавічах прайшоў Першы кангрэс беларускіх аніматараў руху «Сужэнскія сустрэчы». Сужэнцы і духоўныя асобы — аніматары руху з мінскага і баранавіцкага цэнтраў — упершыню сабраліся, каб падсумаваць зробленае за 10 гадоў існавання руху ў нашай краіне, паразважаць над праблемамі сям’і і ўмацаваць уласнае сужэнства.

Дэвізам кангрэса былі выбраны словы апостала Паўла з Другога паслання да Карынцянаў: «Моц у слабасці дасканаліцца». Удзельнікі разважалі над урыўкам 2 Кар 12, 1–11 у дачыненні да адносінаў у сям’і, паглыблення сувязі паміж мужам і жонкай, а таксама з Богам, прымання ўласных слабасцяў, якія дзякуючы Божай моцы становяцца чарговымі этапамі ўзрастання ў веры.

Важнай часткай кангрэса стала дзяленне сведчаннямі развіцця свайго сужэнства з боку аніматараў. Таксама аніматары закранулі найбольш складаныя праблемы сям’і: неразуменне пачуццяў, сямейныя крызісы, адносіны з дзецьмі, сувязь з Богам. Духоўныя асобы прадставілі погляд Касцёла на сужэнскія праблемы, распавялі пра ўласны вопыт святарскага і законнага жыцця. Дыялог у сямейнай пары закранаў найбольш вострыя пытанні, сужэнцы не баяліся прызнацца ў сваіх слабасцях адно аднаму, духоўныя асобы ў дыялогу з Богам прадстаўлялі ўласныя слабасці і прасілі падтрымкі на шляху паклікання.

Цэнтральнай часткай кангрэса сталі духоўныя практыкаванні, якія мелі на мэце паглыбіць еднасць сужэнцаў з Богам. У суботу перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам аніматары зрабілі грунтоўны рахунак сумлення на аснове школы дыялогу «Сужэнскіх сустрэч».

Нядзеля пачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, калі сямейныя пары і духоўныя асобы прыносілі Богу свае просьбы, маліліся за родных, сяброў, знаёмых, прасілі ў Міласэрнага Езуса ласкі ўмацавання ў веры, пераадолення уласных слабасцяў, павелічэння радасці ў сем’ях. Нядзельная святая Імша стала лагічным завяршэннем кангрэса. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч, які ўзначаліў літургію, у гаміліі, звяртаючыся да аніматараў, адзначыў неабходнасць прыняць і развіваць дары Духа Святога, якія атрымала кожнае іх сужэнства, і патрэбу несці святло Божай любові сем’ям, якія перажываюць глыбокі крызіс.

Радасцю кангрэса стала суботняя забаўляльная праграма, якая ўключала танцы, гульні і салодкі стол. Сямейныя пары развучвалі ірландскія і польскія танцы, гулялі ў беларускія народныя гульні. Нягледзячы на розны ўзрост і стаж сямейнага жыцця, усе танцавалі і смяяліся, як дзеці. Да позняй ночы працягваліся забавы, у якіх сужэнцы маглі паглядзець на сваю «палавінку», а таксама на духоўных асоб з нечаканага і незвычайнага боку.

Падчас кангрэса прайшлі таксама выбары ў нацыянальнае праўленне «Сужэнскіх сустрэч» у Беларусі. У выніку больш чым двухмесячнай перадвыбарнай кампаніі лідарамі руху на бліжэйшыя 4 гады былі абраны Павел і Алена Кузьміцкія, намеснікамі лідараў — Аляксандр і Святлана Квяткоўскія.

Па завяршэнні кангрэса многія адзначалі, што адчулі ў супольнасці аніматараў еднасць, падобную да сямейнай. Удзельнікі прыйшлі да высновы, што будучыня Касцёла — у сем’ях і што аніматарам трэба несці сваю любоў іншым сем’ям. Былі выказаны пажаданні часцей праводзіць падобныя мерапрыемствы.

Кангрэс завяршыўся, але праца аніматараў «Сужэнскіх сустрэч» працягваецца. Яшчэ шмат сем’яў жывуць без дыялогу і ўзаемапаразумення, але ў Касцёла шмат магчымасцяў, каб ім дапамагчы. Адным з варыянтаў ёсць удзел у рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч», дзе дыялог і любоў паміж мужам і жонкай ператвараюцца са слоў у дарогу сужэнства, па якой удваіх крочыць значна лягчэй, чым прадзірацца праз церні канфліктаў і сварак.

Сайт руху «Сужэнскія сустрэчы»>>>

Іван Лубінскі

 
© 2003-2024 Catholic.by