«Беларускі біскуп стаў Папам, а „Еўрабачанне“ скарыў рок-гурт „Ксяндзы“»: пра што разважалі журналісты ў працоўных групах? | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
02.03.2013 21:41

Адным з запамінальных момантаў першага дня семінара «Хрысціянства ў свецкіх СМІ» ў Баранавічах стала праца ў групах. Госці семінара — прысутныя журналісты — былі падзелены на практычныя групы, кожная з якіх уяўляла сабой «адмысловую рэдакцыю»: электроннага СМІ, газеты, радыёперадачы, тэлеперадачы і інфармацыйнага агенцтва.

Спікеры семінара вырашылі «ўзварухнуць» майстроў пяра і кожнай з груп прапанавалі абмеркаваць у «рэдакцыйным коле» дастаткова правакацыйныя тэмы: «Ватыкан адмяніў цэлібат», «Беларусь дэлегуе на „Еўрабачанне“ каталіцкі рок-гурт „Ксяндзы“», «У Мінску пройдзе сустрэча Папы Рымскага і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі», «Прэс-служба евангельскіх баптыстаў звярнулася да Апостальскай Сталіцы з просьбай далучыць із да Касцёла», «Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч абраны Рымскім Папам»...

Кожная з «рэдакцый» праз гадзіну абмеркавання павінна была прадставіць на суд слухачоў вынікі сваіх «расследаванняў» — падрабязны план мяркуемага (-ых) матэрыяла (-аў) з улікам верагодных экспертаў, пералічэннем крыніц інфармацыі і варыянтамі загалоўкаў...


Дзе выступяць «Ксяндзы» і што сказаў Карлеонэ?

Абмеркаванні «сенсацый» у групах праходзілі вельмі жвава. Не сумавалі журналісты і падчас прэзентацый сваіх ідэй.

Група «тэлевізійшчыкаў» за каментаром «звярталася» да прэс-службы Святога Пасаду, а таксама «праводзіла» апытанні на плошчы Рыма. Іх калегі з інтэрнэт-рэдакцыі сканцэнтраваліся на айчынных экспертах: праўда, па выбары экспертаў у працоўнай групе разгарэлася сапраўдная дыскусія.

«Газетчыкі», якім выпала напісаць пра адмену цэлібату, сярод іншага прапанавалі звярнуцца за каментаром да патэнцыйных жаніхоў і нявест у Касцёле — свой матэрыял «рэдакцыя» змясціла б адразу на першую паласу...

Удзельнікі групы «інфармагенцтва» пра падзею з рок-гуртом «Ксяндзы» вырашылі распавесці сціпла — адной пашыранай заметкай, што выклікала шэраг заўваг у аўдыторыі. Сярод пытанняў з залы былі і не зусім звычайныя. Журналісты высвятлялі, на якой пляцоўцы будзе выступаць каталіцкі рок-гурт і ці запішуць яны дуэт з «Буранаўскімі бабулямі».

Найбольш творча да вырашэння сваёй задачы падышла «радыёгрупа»:  удзельнікі семінара праслухалі гатовы радыёсюжэт, у якім сярод іншых прагучаў каментарый «Апостальскага Нунцыя» Пінокіа Карлеонэ. Як паабяцала радыёвядучая, «журналісты працягнуць сачыць за развіццём падзей»...


«Журналісты павінны разумець, пра што яны пішуць»

«Семінар для свецкіх журналістаў — гэта спроба правесці масты і наладзіць адносіны з тымі людзьмі, якія пра нас пішуць, — зазначыў у гутарцы з Catholic.by Віктар Хруль, рэлігійны карэспандэнт агенцтва «РИА Новости». — Я адмыслова папрасіў маіх калегаў паспрыяць мне ў арганізацыі такога трэнінгу са свецкімі журналістамі. Абапіраючыся на багаты вопыт, мы можам звярнуць увагу калегаў са свецкіх СМІ на тыповыя памылкі ў арганізацыі журналісцкай працы. Найлепшы спосаб вырашэння канфлікту — гэта дыялог. І калі такія семінары стануць рэгулярнымі, мы атрымаем механізм прафілактыкі гэтых канфліктаў.

У апошнія гады мы звярталі не так шмат увагі на свецкіх журналістаў — нашых калегаў, якія намі займаюцца. Аднак адносіны з імі для нас крытычна важныя. Як паказаў трэнінг, да нас прыехалі людзі нераўнадушныя. Католікі, праваслаўныя і пратэстанты пры нармальна наладжаным дыялогу са свецкімі СМІ маюць вельмі вялікі рэсурс для таго, каб быць зразумелымі.

Але журналісты ў сваю чаргу павінны разумець тое, пра што яны пішуць».

Ілья Лапато OCDS

 
© 2003-2024 Catholic.by