Мітрапаліт Кандрусевіч на завяршэнне канферэнцыі «Хрысціянства ў свецкіх СМІ»: каб мас-медыя дапамагалі пазнаць Евангелле | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
03.03.2013 20:47

«У наш час мас-медыя сталі новым евангелізатарам па меры сённяшніх патрэбаў і выклікаў. Сёння таксама неабходна развіваць адносіны і супрацоўніцтва са свецкімі медыя», — падкрэсліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас святой Імшы ў капліцы Святой Тройцы ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах, якая адбылася на завяршэнне канферэнцыі «Хрысціянства ў свецкіх СМІ».

Арцыпастыр нагадаў у гаміліі, што тры дні таму завяршыўся Пантыфікат Бэнэдыкта XVI — «Пантыфікат нялёгкіх часоў і вельмі важных спраў, перадусім абароны маральных каштоўнасцяў і новай евангелізацыі». «Сваім дабравольным зыходам для дабра Касцёла Папа даў нам новую лекцыю — лекцыю адвагі і адначасова пакоры», — дадаў Мітрапаліт, узгадаўшы, што «Касцёл моліцца аб выбарах новага Пантыфіка, якому Бог даверыць служэнне апостала Пятра».

«Святы Дух не пакіне Касцёл сіратой і ўкажа таго, хто пакліканы выконваць гэтае адказнае служэнне, — адзначыў іерарх. — Божая міласэрнасць праяўляецца і ў тым, што ў апошнія гады вельмі інтэнсіўна развіваюцца каталіцкія медыя, таксама і ў нашай краіне. Укрыжаваны Касцёл пасля трох пакаленняў уваскрасае да новага жыцця, і мас-медыя займаюць у яго жыцці ўсё большае значэнне».

«У наш час мас-медыя сталі новым евангелізатарам па меры сённяшніх патрэбаў і выклікаў. Сёння таксама неабходна развіваць адносіны і супрацоўніцтва са свецкімі медыя, чаму і была прысвечана канферэнцыя, якая праходзіла ў баранавіцкім Катэхетычным каледжы і завяршаецца сёння. Яна яшчэ раз падкрэсліла важнасць і актуальнасць такіх адносін», — сказаў Мітрапаліт.        

«Няхай каталіцкая прэса, а таксама яе плённае супрацоўніцтва са свецкай дапамогуць нам пазнаць Евангелле і праз яго прызму — саміх сябе, каб мы маглі ведаць, якім з’яўляецца наша духоўнае здароўе, і ў бязмежнай Божай міласэрнасці ўбачыць новую надзею», — такое пажаданне выказаў арцыпастыр на заканчэнне канферэнцыі.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by