Католікі Пінска памаліліся за новаабранага Папу | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
15.03.2013 12:13

14 сакавіка 2013 года ў пінскай катэдры біскуп Антоні Дзям’янка ўзначаліў святыя Імшы падзякі Богу за новага Папу.

Святы Айцец Францішак падчас першага свайго з’яўлення на публіцы, адразу пасля абрання 266-ым Наступнікам апостала Пятра, папрасіў сабраных на ватыканскай плошчы і перад сродкамі масавай камунікацыі аб малітве ў сваёй інтэнцыі, каб ён справіўся са сваімі абавязкамі.

Спаўняючы просьбу Папы, на парозе яго Пантыфікату каталіцкая супольнасць Пінска на чале са сваім біскупам узнесла да Бога малітву за Біскупа Рыма, каб Божае благаслаўленне было з ім на кожны дзень.

Падчас гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка патлумачыў вернікам, чым з’яўляецца Касцёл: супольнасць веруючых людзей, заснавальнікам якой з’яўляецца Езус Хрыстус — Бог і Чалавек.

Заданне Касцёла, як адзначыў іерарх, у тым, каб весці людзей да збаўлення, да сустрэчы з Богам. У гэтым дапамагае Папа, якога абіраюць кардыналы і на якога ўказвае Дух Святы.

Іерарх заахвоціў вернікаў да малітвы за папу Францішка, які з надзвычайнай пакорай прыходзіць з Аргенціны, каб весці народ верны да збаўлення.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by