Напісаць ліст да Бога: незвычайныя велікапосныя рэкалекцыі прайшлі ў семінарыі ў Пінску | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
16.03.2013 11:32

13 cакавіка 2013 года ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску распачаліся трохдзённыя велікапосныя рэкалекцыі.

Айцец рэкалекцыяніст выбраў для духоўных практыкаванняў не доўгія канферэнцыі і не цяжкую тэрміналогію. Ён прапанаваў семінарыстам самім, з дапамогай Святога Пісання, адказаць на пытанні, якія, напэўна былі ў кожнага: «Што значаць для мяне гэтыя рэкалекцыі? Чаго я ад іх чакаю? Чаго чакаю ад Бога? Дзеля чаго я вырашыў стаць святаром? Якім павінен быць святар?» Рэкалекцыяніст прапанаваў адказаць на гэтыя пытанні пісьмова, звяртаючыся непасрэдна да Бога, у дыялогу з Ім, з Яго Словам. Каб навучэнцы маглі глыбей задумацца над сваім жыццём, святар прывёў мноства гісторый з ўласнага жыцця і досведу.

І на самой справе, каб напісаць ліст да Бога і адказаць на гэтыя пытанні, трэба было звярнуцца да свайго сэрца, да самых схаваных куточкаў памяці. Такім чынам, ніхто не перажыў гэтыя рэкалекцыі пасіўна, але кожны атрымаў вялікую духоўную карысць, да таго ж яшчэ лепей пазнаўшы сябе самога.

15 сакавіка, у пятніцу, пасля пакутнага набажэнства і споведзі, рэкалекцыі завяршыліся святой Імшой з прызначэннем лектараў і акалітаў, якую цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Напрыканцы Імшы, у заключным слове, айцец рэкалекцыяніст пажадаў усім прысутным няспынна «ўзрастаць у ласцы ў Бога і людей» і дасягнуць вышэйшай ступені гэтай ласкі. «Гэтай вышэйшай прыступкай не з’яўляецца святарства... Не... Не з’яўляецца ёю нават біскупства, — усміхнуўся духоўны кіраўнік. — Гэтай вышэйшай прыступкай з’яўляецца святасць! І яе дасягнення я вам ад усяго сэрца жадаю!»

(AG)

Фота з сайта семінарыі


 

 
© 2003-2022 Catholic.by