Імша з нагоды 80-годдзя кс. Станіслава Паўліны адбылася ў Лагішыне | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
16.03.2013 18:00

Імша ў 80-годдзе нараджэння кс. Станіслава Паўліны fDP, канцлера курыі Пінскай дыяцэзіі і пробашча катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, адбылася 16 сакавіка ў Доме міласэрнасці ў Лагішыне. Гэты Дом міласэрнасці паўстаў менавіта дзякуючы кс. Паўліну.

Літургію ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У ёй удзельнічалі госці з Польшчы — правінцыял арыяністаў кс. Антоні Віта і правінцыяльны дарадчык арыяністаў брат Збігнеў Сментэк, а таксама рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. доктар Ян Саламон і пробашч парафіі ў Лагішыне кс. Тадэвуш Шэшко. Прысутнічалі супрацоўнікі Дома міласэрнасці, 40 яго жыхароў і сёстры законныя з Пінска.

У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка казаў пра ўдзячнасць, якая з’яўляецца суцяшэннем для людзей і цнотай у хрысціянстве. Па словах іерарха, чалавек павінен дзякаваць Богу за дары, якія штодзень ад Яго атрымлівае, і прыклады гэтага — Панна Марыя, якая ў «Magnificat» — песні падзякі — у прысутнасці Альжбеты выказала ўдзячнасць Богу, і Сімяон, які падзякаваў за тое, што яго гаснучыя вочы ўбачылі «святло для язычнікаў і хвалу Ізраэля».

Біскуп падкрэсліў, што ў зямным жыцці мы выказваем удзячнасць людзям «за іх штодзённае і ахвярнае служэнне, дзякуем адзін аднаму за жыццё і за веру». Пінскі ардынарый заахвоціў удзельнікаў літургіі ў гэты Год веры асабліва дзякаваць тым, хто прывёў нас да веры ў Пана.

Іерарх падзякаваў за 54-гадовае служэнне кс. Станіслава Паўліны, з якога 19 гадоў прайшлі ў Пінскай дыяцэзіі. Біскуп нагадаў, што вялікую ўвагу ў гэтым служэнні юбіляр удзяляў хворым, састарэлым і інвалідам, і выказаў падзяку кс. Паўліну за шматгадовую дапамогу кардыналу Казіміру Свёнтку, побач з якім святар, «будучы быццам яго ценем, рупліва і ўмела выконваў даручаныя абавязкі».

У 80-годдзе кс. Станіслава Паўліны ўсе святары, кансэкраваныя асобы і вернікі Пінскай дыяцэзіі дзякуюць Богу за гэтага іх брата і за 19 гадоў яго руплівага служэння Касцёлу ў Беларусі, якое ў 2008 г. папа Бэнэдыкт XVI адзначыў крыжам «Pro Ecclesia et Pontifice».

Дыяцэзія жадае юбіляру здароўя, доўгiх гадоў у радасці, Божага благаслаўлення, моцы Духа Святога, дапамогі святога Юзафа — апекуна кс. Паўліны і дапамогі св. Андрэя Баболі — апекуна Пінскай дыяцэзіі.

Святары дыяцэзіі плануюць выказваць юбіляру віншаванні ў Вялікі чацвер.

(AG)

 
 


 

 
© 2003-2022 Catholic.by