У семінарыі ў Пінску адбылася сустрэча міністрантаў | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
11.05.2013 19:16

10–11 мая ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага адбылася сустрэча міністрантаў Пінскай дыяцэзіі. Праводзіў яе ксёндз Андрэй Рылка.

У межах сустрэчы ў семінарыйнай капліцы адбылася святая Імша ў гонар Маці Божай Лагішынскай. Эўхарыстыю цэлебраваў ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка. У літургіі прынялі ўдзел таксама пробашчы парафій з Іванава і Новай Мышы, выкладчыкі і студэнты семінарыі.

На пачатку Эўхарыстыі рэктар семінарыі ксёндз Ян Саламон звярнуўся да біскупа і ўсіх удзельнікаў сустрэчы з прывітальным словам.

У гаміліі біскуп адзначыў, што, хаця «нашая вера хрыстацэнтрычная, гэта значыць асабліва скіравана на Хрыста, але культ Марыі ў Каталіцкім Касцёле знаходзіцца на вельмі важным месцы». Іерарх звярнуў увагу прысутных на асаблівую ролю марыйнай пабожнасці і санктуарыяў Багародзіцы, сярод якіх для вернікаў Пінскай дыяцэзіі асаблівае значэнне мае санктуарый у Лагішыне, у якім захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай Каралевы Палесся. «Мы не пакланяемся Марыі як багіні. Але яна дала цела Сыну Божаму і ўсім жыццём сваім давала прыклад выканання Божай волі, таму годная асаблівай пашаны», — дадаў біскуп.

Напрыканцы святой Імшы ардынарый падзякаваў усім прысутным за ўдзел у Эўхарыстыі, якая з’яўляецца «кульмінацыяй (…) у жыцці хрысціяніна».

Вечарам на гарадской футбольнай пляцоўцы тры каманды міністрантаў паспрабавалі свае сілы ў гульні з семінарыстамі. Матч быў насычаны і рэзанансны. Усе 9 галоў у гульнях былі забіты семінарыстамі. Няглядзячы на тое, што міністранты былі з розных парафій, яны выявілі добрую групавую гульню ў братэрскім духу.

Раніцай наступнага дня святую Імшу цэлебраваў аніматар сустрэчы, ксёндз Андрэй Рылка. У гаміліі святар звярнуў увагу на актуальную для кожнага хрысціяніна праблему — адсутнасць жывога кантакту з Богам. «Можна ўсё жыццё гуляцца ў святара, клерыка, міністранта, але не мець сапраўдных адносін з нашым Нябесным Айцом!» — падкрэсліў кс. Рылка.

Міністранты мелі магчымасць таксама паразмаўляць з семінарыстамі, паглядзець на жыццё семінарыйнай супольнасці. Скончылася сустрэча пасля супольнага пасілку. Міністранты раз’ехаліся па сваіх парафіях, каб прымяніць на практыцы тое новае, аб чым даведаліся на гэтай сустрэчы.

Андрэй Багдановіч

 
© 2003-2024 Catholic.by