У Гомелі з’явіўся першы ў Беларусі «супрацьабортны» тралейбус |
| Друк | |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
10.06.2014 13:27 |
10 чэрвеня ў Гомелі па маршрутах №2 і №8 выходзіць на лінію новы тралейбус, аформлены незвычайнай сацыяльнай рэкламай. Слоганы тралейбуса заклікаюць захаваць жыццё ненароджаных дзяцей. Ідэя «супрацьабортнага» тралейбуса ўзнікла ў членаў грамадскага аб'яднання «Выратаванне немаўлят», у якое ўваходзяць хрысціяне розных канфесій, урачы-гінеколагі, прадстаўнікі іншых прафесій.
Выраб налепак для тралейбуса праспансіравала вытворчае аб'яднанне «Беларуснафта», якое пагадзілася падтрымаць праект і выдзеліла 9,5 мільёнаў рублёў на ўсе працы па афармленні тралейбуса. Выраб рэкламы і абклейванне выканала прадпрыемства «Навальніца». У якасці сацыяльнай рэкламы праект прайшоў узгадненні ў Міністэрстве гандлю Беларусі, таму «Гарэлектратранспарт» выдзеліў тралейбус пад праект бясплатна.
Агітаваць за жыццё тралейбус будзе як мінімум на працягу года, а магчыма і даўжэй - пакуль налепкі не страцяць эстэтычны выгляд. У будучыні яго, магчыма, зробяць тэматычным - па аналогіі з «футбольным» і «гістарычным» тралейбусамі, размясціўшы ў салоне інфармацыю аб абортах і іх наступствах.
Паводле гомельскага каталіцкага сайта Нараджэння Божай Маці (AG) Фота гомельскага каталіцкага сайта Нараджэння Божай Маці
|