Апостальскі Нунцый прыняў удзел у аплатковай сустрэчы ў пінскай семінарыі | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
23.12.2014 11:40

22 снежня адбылася аплатковая сустрэча Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску з удзелам Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці.

Гэты дзень стаў апошнім перад ад’ездам навучэнцаў і членаў семінарыйнай супольнасці перад Божым Нараджэннем.

Урачыстую святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Да цэлебрацыі далучыліся святары з адміністрацыі семінарыі, з катэдральнага касцёла, а таксама спаведнікі семінарыі. Прысутнічалі і госці — выкладчыкі семінарыі і законныя сёстры.

Крыху пазней далучыўся Апостальскі Нунцый і пасля традыцыйнага дзялення аплаткай, падчас якой складаліся віншаванні і пажаданні, распачаўся святочны вечар. Падчас яго прагучалі гісторыі аб традыцыях на Божае Нараджэнне ў розных краінах, спяваліся калядныя спевы.

Каля двух тыдняў семінарысты будуць дапамагаць пробашчам на родных парафіях, кожны сустрэне святы ў коле сваёй сям’і. Гэтыя дні стануць часам, пасля якога, адпачыўшы і аднавіўшы сілы, навучэнцы семінарыі змогуць вярнуцца да вучобы і працягнуць свой шлях да Хрыстовага святарства.

 

Андрэй Багдановіч
фота Алега Хмылко

 
© 2003-2025 Catholic.by