Рэзурэкцыйная Імша адбылася ў пінскай катэдры: «Уваскрасенне – перспектыва і надзея для нас» | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
05.04.2015 09:33

5 красавіка біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў у пінскім катэдральным касцёле рэзурэкцыйную святую Імшу ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана.

«Менавіта дзякуючы таямніцы Вялікадня хрысціянства з’яўляецца рэлігіяй жыцця, а хрысціянская цывілізацыя — цывілізацыяй жыцця,— падкрэсліў у гаміліі біскуп. — Каб гэта зразумець, патрэбна вера».

«Назіраючы за жыццём, бачым, што нас акружае штодзённасць смерці. Хтосьці са знаёмых памірае. Сродкі масавай інфармацыі пастаянна гавораць аб трагедыях, у выніку якіх гінуць сотні людзей, — адзначыў іерарх. — Нас акружае смерць. А мы перад яе абліччам задаём пытанні. Найчасцей адно: чаму?»

«Сёння мы перажываем велікодную раніцу. Адкрыццё праўды, што магіла пустая, заклікае нас да таго, каб не затрымлівацца над пытаннем “чаму?” і іншымі такімі пытаннямі, — звярнуў увагу пінскі ардынарый. — Таму ўваскрасенне з’яўляецца перспектывай і надзеяй для нас».

«Калі Езус паклікаў аднаго чалавека ісці за Ім, той пачаў апраўдвацца: дазволь мне найперш пахаваць бацьку. Тады Хрыстус адказаў яму кранаючымі словамі: пакінь памерлым пахаванне памерлых, а ты ідзі за Мной», — нагадаў іерарх.

«Пойдзем і мы за Езусам, які жыве і кліча нас на шлях перамены, да ўваскрасення, да жыцця вечнага з Ім у небе», — заахвоціў біскуп Антоні Дзям’янка.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by