Як вырваць церні з сэрца? Моладзевыя рэкалекцыі прайшлі ў Брэсце | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
05.05.2015 12:04

“Сэрца ў цернях” – пад такой сімвалічнай назвай праходзілі рэкалекцыі для моладзі ў кляштары сясцёр кармэлітанак ад Дзіцяткі Езуса.  Духоўныя практыкаванні, якія праводзіў кс. Раман Суша,  працягваліся з 30 красавіка па 2 мая і мелі даволі насычаную праграму.


Гэта ўжо трэція, заключныя рэкалекцыі на тэму хваробаў сэрца, якія праводзіць кс. Раман Суша. У кастрычніку мінулага года моладзь распачынала шлях духоўнага аздараўлення сэрца падчас тэматычных рэкалекцый “Сэрца пры дарозе”, зімой маладыя католікі шукалі адказ на пытанне, у чым прычыны скамянеласці сэрца і як гэтае сэрца растапіць.

Вясновыя ж рэкалекцыі былі прысвечаны трэцяй хваробе сэрца, якая з’яўляецца наступствам першароднага граху – хваробе сэрца ў цернях. Моладзь даведалася, што можа быць цернямі сэрца, якія не даюць Богу ўвайсці ў яго.

Асаблівасцю гэтых рэкалекцый была цёплая сяброўская атмасфера. Моладзь не толькі ўдзельнічала ў канферэнцыях і разважала над Словам Божым, але і бавіла сумесна вольны час у гульнях і задушэўных размовах.

Што датычыць духоўнай атмасферы, то яна была даволі моцнай. Падчас канферэнцый  можна было пачуць шмат цікавай інфармацыі.


“Мы бачым, што чалавек, які адышоў разам з першародным грахом ад Бога, настолькі паграз у гэтым церні і асоце, што Бог, які да яго набліжаецца, не можа падыйсці блізка да сэрца. Не можа там прарасці, таму што церні і асот з’яўляюцца наступствам першароднага граху. Мы разумеем, што хрост змывае першародны грэх, але застаюцца яго наступствы. Гэта пажадлівасці, гэта пыха. Тое, што ў чалавеку не дазваляе паверыць прыходу  Бога ў яго сэрца”, - адзначыў кс. Раман Суша на пачатку рэкалекцый.

Святар таксама распавёў, што, калі чалавек мае пэўныя церні ў сабе, то ён атаясамліваецца з гэтымі цернямі, сам распаўсюджвае іх сярод свайго акружэння.

Такім чынам, як адзначалася, патрэбна ведаць свае церні, якія могуць перадавацца з пакалення ў пакаленне.  Прычынай церняў з’яўляюцца злыя духі, якія праз духоўныя форткі могуць увайсці ў жыццё чалавека.    

Аднак чалавек можа супрацьстаяць церням у сваім мысленні. Калі ён пастаянна адракаецца ад зла, то фармуе цноты ўстрыманасці.

У гаміліі кс. Раман Суша заўважыў: “Калі мы ўкідваем зерне ў сэрца іншага чалавека, то церні хочуць забіць гэтае зерне. Аднак Езус кажа: “Не бойцеся”. Трэба  ісці дарогаю Хрыста, быць тымі святарамі, якія нясуць зерне іншаму. Варта не зламацца і ісці насуперак усяму”.
 
Святар распавёў, што лекамі супраць церняў у сэрцы з’яўляецца надзея, але “надзея, накіраваная не на тое, што бачнае, а на нябачнае, бо мы змагаемся не супраць людзей, а супраць зла… Калі мы распазналі свае церні, патрэбна паглядзець на іх вачыма душы.  Неабходна быць сынамі Божымі, якія дазваляюць Богу спаліць гэтыя церні.”


Марына Валасар

 
© 2003-2025 Catholic.by