У семінарыі ў Пінску ўрачыста адкрыўся новы навучальны год | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
05.10.2015 21:24

5 кастрычніка Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску чарговы раз перажывала ўрачыстую інаўгурацыю новага навучальнага года. 2015/2016 год з’яўляецца пятнаццатым па ліку пасля адраджэння семінарыі ў 2001 годзе кардыналам Казімірам Свёнткам.

Сярод запрошаных на інаўгурацыю гасцей былі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер курыі Віцебскай дыяцэзіі кс. Адам Дынак, кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, дырэктар Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах кс. Павел Рудзьман, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Віталій Сідорка. Акрамя запрошаных гасцей, прысутнічалі выкладчыкі навучальнай установы і вернікі Пінска.

Інаўгурацыя пачалася ўрачыстай святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. На пачатку Імшы са словам да прысутных звярнуўся біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які сардэчна ўсіх прывітаў і коратка нагадаў гісторыю семінарыі.

Таксама біскуп нагадаў, што Папа Францішак падчас нядаўняга візіту на Кубу і ў ЗША на Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі назваў сям’ю «фабрыкай надзеі». «Я хачу аднесці гэтае параўнанне Святога Айца да духоўнай семінарыі. Яна нясе надзею для вернікаў не толькі Палесся, але і большай часткі Беларусі, — сказаў іерарх. — Наша семінарыя міждыяцэзіяльная. І калі сёння мы пачынаем чарговы год семінарыйнай фармацыі, то гэта таму, што ў нашых дыяцэзіях у Беларусі яшчэ ёсць маладыя людзі, якія паўнату свайго чалавецтва адкрываюць дзякуючы звышпрыроднаму Божаму ўздзеянню, якое называецца пакліканнем. Яны прагнуць удзельнічаць у святарстве Хрыста».  

Біскуп пажадаў выкладчыкам, якія працуюць у семінарыі, каб іх праца прынесла багаты плён, каб яны «маглі таксама ганарыцца тым, што выхавалі будучых адказных душпастыраў, а можа, нават і наступнага кардынала ці кандыдата на алтар». Звяртаючыся да семінарыстаў, пінскі ардынарый сказаў: «Я малюся за вас, каб вы мудра выкарысталі час фармацыі, каб упэўніліся ў сваім пакліканні і пайшлі за голасам Пана, які кліча вас на сваё вялікае жніво, дзе яшчэ так мала працаўнікоў. (…) Я малюся, каб вы не падвялі тых, хто ужо многія дзесяцігоддзі просіць Пана жніва паслаць працаўнікоў на Яго жніво».

«Пакліканне нараджаецца там, дзе Пан Бог прыходзіць і стукае ў чалавечае сэрца», — дадаў біскуп Антоні Дзям’янка і пажадаў семінарыстам, каб у іх жыцці працягвалася «Божае апавяданне аб пакліканні».

У гаміліі, якую прамовіў біскуп Алег Буткевіч, звярталася ўвага на чатыры накірункі фармацыі семінарыстаў: душпастырскі, чалавечы, духоўны і інтэлектуальны. Сярод гэтых чатырох накірункаў іерарх асабліва адзначыў чалавечы напрамак развіцця: «Адсутнасць фундаменту чалавечай фармацыі прыводзіць да вялікага крызісу, прыкладам якога ёсць сітуацыя ў сучасным свеце, які развальвае паняцце чалавека, а гэта не спрыяе адкрытасці чалавечага сэрца на Бога».

Наступная частка інаўгурацыі праходзіла ў актавай зале імя біскупа Зыгмунта Лазінскага. Пасля ўступнага слова, якое прамовіў рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі кс. Андрэй Рылка, віцэ-рэктар семінарыі кс. Уладзімір Русак прадставіў справаздачу за мінулы навучальны год. Інаўгурацыйную лекцыю на тэму «Роля дыяцэзіяльных структур у функцыянаванні мясцовага Касцёла» прачытаў кс. Дзмітрый Пухальскі.

Новапрызначаныя выкладчыкі пасля ўручэння дэкрэтаў урачыста вызналі веру, такім чынам дэкларуючы вернасць навучанню Касцёла, якое будуць перадаваць навучэнцам.

Аляксей Цвячкоўскі, (AG)

Фота seminaryja.by

 


 
© 2003-2025 Catholic.by