Пілігрымка Баранавічы-Лагішын вырушыла ў шлях: «у паўнаце адкрыцца на Божыя ласкі» | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
18.08.2016 14:22

18 жніўня вырушыла пілігрымка з Баранавіч у Лагішын. Пілігрымка прыбудзе ў Лагішын 21 жніўня на распачацце фэсту і малітоўнага чування ў сувязі з урачыстасцямі Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, галоўнай Апякункі Пінскай дыяцэзіі.

Святую Імшу на пачатак пілігрымкі цэлебраваў у касцёле св. Зыгмунта ў Баранавічах біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У гаміліі, кажучы пра пілігрымку да Маці Божай Лагішынскай, іерарх адзначыў, што яна ўжо мае сваю традыцыю, а сёлета адбываецца ў Надзвычайны Год Міласэрнасці. «Як веруючыя, ахрышчаныя людзі, мы, пілігрымы, маем за што падзякаваць Богу. Гэта той момант калі мы аднаўляем нашу боска-чалавечую гісторыю, — сказаў пінскі ардынарый. — Бо аўтарам нашай веры з’яўляецца Бог. Той Бог, які ў Езусе Хрысце даў вучням наказ: “Ідзіце і навучайце ўсе народы”. Аб гэтым вы будзеце сведчыць на шляху вашай пілігрымкі».

Біскуп прапанаваў сабраным падумаць «аб тых пакаленнях якія гэты наказ місіі рэалізавалі на працягу многіх гадоў». «І гэты пасеў, часамі крывавы, дае свае ўсходы для наступных пакаленняў. Гэта святары, кансэкраваныя асобы, але і свецкія вернікі, якія неслі свет веры нашчадкам», — сказаў іерарх.

Пінскі ардынарый дадаў, што ў пілігрымцы яе ўдзельнікі дзякуюць Богу за тых, хто перадаў ім веру. «Сярод евангелізатараў, якія заклікалі скарыстацца запрашэннем Хрыста на вяселле, як гаворыць сённяшняе Евангелле, былі і нашы продкі», — нагадаў біскуп.

«Хрысціянін нясе ў сабе незвычайную вызваляючую моц, — звярнуў увагу іерарх. — Дзякуючы хросту мы здольныя служыць іншым, ахвяроўваць сябе для іх. (…) У ахрышчаных, як кажа Папа Францішак, ёсць дзеянне Духа Святога, якое абуджае да евангелізацыі, каб сваім словам і жыццём абвяшчаць іншым Евангелле, каб быць вучнем, місіянерам».

Біскуп падкрэсліў, што «ў пілігрымцы мы вяртаемся да вытокаў веры», і «гэта наша духоўная сіла, вельмі неабходная нам усім без выключэння». «Нам неабходна моц духу, якая вызваляе са зла і няволі граху. Нам неабходна перамагаць наступствы старога чалавека, якія адчуваем у нашым жыцці, — сказаў пінскі ардынарый. — І яшчэ больш нам неабходна гэта тады, калі зло хоча нас перамагчы, хоча нас нанова ўзяць у палон. Як ахрышчаныя людзі, мы павінны мець у сабе паўнату хрысцянскага духу ў сям’і, грамадстве».  

Іерарх заўважыў, што пілігрымка — «у пэўным сэнсе пакутніцкі шлях, і таму з пакорлівым сэрцам і даверам мы павінны прасіць за псальмістам: перамяні ізноў наш Лёс, Пане, як перамяняеш струменні на Поўдні». «І трэба паверыць, што з дапамогай Божай Маці мы здольныя да такой духоўнай працы, і, хоць Бог будзе патрабаваць ад нас высілкаў і адрачэння, як гаворыць псальм, слёз і плачу, — то тым лепшыя будуць плады».

Біскуп Антоні Дзям’янка пажадаў удзельнікам, каб пілігрымка была для іх «нагодай у паўнаце адкрыцца на Божыя ласкі, якім Езус Уваскрослы хоча кожнага з нас адорваць», а асвечаная вада, якой пілігрымы будуць акроплены, «адагнала ўсялякія памкненні, якія зыходзяць ад злога». «Няхай Эўхарыстыя, якую святары будуць цэлебраваць падчас пілігрымкі ў розных касцёлах, дапамагае ўзрастаць у святасці, бо, паводле прымаўкі, з кім сябруеш, такім і становішся», — пажадаў таксама іерарх і заклікаў пілігрымаў у Надзвычайны Год Міласэрнасці «ўваходзіць праз Браму Міласэрнасці да Хрыста і Яго Маці — Маці Міласэрнасці».

Праграма ўрачыстасцяў у Лагішыне тут>>>

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by