У Пінску ўшанавалі памяць св. Антонія Падуанскага | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
15.06.2017 10:28

13 чэрвеня, у дзень літургічнага ўспаміну св. Антонія Падуанскага, у пінскай катэдры адбылася адмысловая св. Імша, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У гаміліі пастыр дыяцэзіі звярнуў увагу сабраных на старадаўні цудадзейны абраз св. Антонія, які знаходзіцца ў бакавым алтары базылікі.

Паводле слоў іерарха, гэтая выява святога ў горадзе над Пінай з’яўляецца яскравым знакам таго, што з даўніх вякоў культ св. Антонія быў і застаецца вельмі жывы на нашых землях. Сведчыць пра гэта і папулярнасць імя гэтага святога на Беларусі.

У гаміліі біскуп наблізіў прысутным таксама постаць святога з Падуі, паказваючы як Божы Провід вёў яго па жыцці і дазволіў праз пакору і манаскую руплівасць дасягнуць вяршыняў святасці.


На заканчэнне літургі сабраныя вернікі, святары, а таксама супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску павіншавалі біскупа Антонія з імянінамі.
Кс. Андрэй Рылка, фота Уладзіслава Козела

 
© 2003-2024 Catholic.by