Біскуп Антоні Дзям’янка асвяціў касцёл у Гарадцы (+фота) | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
08.07.2017 14:26

8 ліпеня ў парафіі Хрыста Добрага Пастыра ў Гарадцы пад Кобрынам асвяцілі новы касцёл. Ва ўрачыстасці асвячэння святыні і ўмуравання вуглавога каменя прыняў удзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

«Сёння мы дзякуем Пану Богу за дар новай святыні, пабудаванай дзякуючы старанням мясцовых вернікаў на чале з іх пробашчам кс. Чэславам Ёйкам FDP, а таксама дзякуючы салідарнай дапамозе Паўсюднага Касцёла», — адзначыў, распачынаючы сваю гаміліі ардынарый Пінскі біскуп Антоні Дзям’янка.

Гісторыя каталіцкай парафіі ў гэтай мясцовасці налічвае больш за 500 гадоў. Папярэдняя парафіяльная святыня, пабудаваная ў 1633 г. каралём Уладыславам IV, была разбурана ў часы атэізму.

Як адзначыў іерарх, кожны касцёл — нават вельмі бедны і сціплы — з’яўляецца вялікай, бясконцай і невычэрпнай скарбніцай розных дароў і ласкаў.

«Гэтыя дары зыходзяць на нас — жыхароў вёсак, мястэчак, гарадоў, на нашыя сем’і і на кожнага з нас паасобку. Касцёл — дом Караля каралёў  і дом Пана Бога. У Касцёле мы атрымліваем святы хрост, які змывае першародны грэх і робіць нас хрысціянамі і спадкаемцамі нябеснага валадарства», — дадаў біскуп.

Пінскі ардынарый звярнуў увагу на тое, што ў касцёле адбываюцца прэзбітэрскія пасвячэнні, заключаюцца сужэнскія саюзы і душа чалавека знаходзіць ачышчэння праз споведзь і Камунію.

«Наша малітва ў касцёле больш шчырая і дзейсная, чым у дома, бо лучыцца з малітвамі вернікаў, духавенства, анёлаў якія акружаюць алтары Пана, — зазначыў іерарх. — Крыж на касцёле нам указвае на тое што наша айчына ў небе».

Адзначаючы сімвалізм прадметаў, якія знаходзяцца ў святыні, біскуп Пінскі дадаў, што алтар нагадвае аб тым, што гэта трон Бога, «на якім сядзіць найвышэйшы манарх, каб пачуць і выслухаць нашыя просьбы». Свечкі, запаленыя ў касцёле, «з’яўляюцца знакам таго, што і нашыя сэрцы павінны палаць Божай любоў’ю». А абразы «прамаўляюць аб тым, кім мы з’яўляемся сёння і кім можам быць у будучыні.

«Без Бога рай становіцца пеклам»

Згадваючы атэістычны час, які імкнуўся пазбавіць асобу і ўсё грамадства веры ў Бога, біскуп дадаў, што камуністычны рэжым спрабаваў стварыць на зямлі рай без Бога.

«Аднак досвед нам падказвае што рай без Бога становіцца пеклам, бо ён перапоўнены эгаізмам і нянавісцю, недахопам любові, радасці і надзеі, — падкрэсліў іерарх. — Калі ж народы і нацыі, як адзначаў папа Бэнэдыкт XVI, прымаюць Божую прысутнасць і слухаюць Божы голас, тады будуецца цывілізацыя любові, дзе шануецца годнасць кожнага і дзе ўзрастае пачуццё супольнасці».

Біскуп Антоні Дзям’янка дадаў, што і сёння ёсць хрысціяне, які «думаюць толькі па-свецку і паддаюцца тым плыням, якія аддаляюць ад веры ў Хрыста».

«Трэба быць асцярожным і сачыць за тым, каб гэтыя плыні не зацягнулі чалавека, ахалоджваючы яго веру і апускаючы яго маральны ўзровень. Трэба памятаць, што Хрыстус ахвяраваў сябе на крыжы, каб адарыць нас сваёй любоў’ю», — дадаў іерарх.

Звяртаючыся да вернікаў, біскуп пажадаў, каб новы касцёл стаў знакам вялікай любові Бога, «якая бярэ на сябе нашы грахі, цярпенні і пакуты, здабываючы прабачэнне і адкрываючы дарогу да вечнага жыцця».

(cath/adz/il)

 
© 2003-2024 Catholic.by