На шляху ў санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шуміліна | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
16.05.2011 17:58

13 мая 2011 г., ужо ў шосты раз ад касцёла святой Барбары ў Віцебску вырушыла пілігрымка ў Шуміліна, у cанктуарый Маці Божай Фацімскай. На гэты раз са спевамі і малітвай шлях да Шуміліна прайшлі 17 пілігрымаў на чале з а. Раманам Шульцам ОР.

Адна з удзельніц пілігрымкі прыехала ў Віцебск з Шуміліна, каб гэтым шляхам  аддаць пашану Маці Божай Фацімскай.

Гэта пілігрымка ўжо мае свае добрыя традыцыі. Так, акрамя святара канферэнцыі праводзяць і самі пілігрымы, дзелячыся пры гэтым сваім досведам рэлігійнага жыцця. Сёлета пілігрымы выслухалі канферэнцыі на тэму Божай Міласэрнасці і новай евангелізацыі. Адна з верніц падзялілася ўражаннямі аб беатыфікацыі Яна Паўла II, а айцец Раман Шульц правёў канферэнцыю аб  асновах хрысціянскага жыцця.

Падчас доўгага шляху пілігрымы разважалі чатыры часткі Святога Ружанца, маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці i літанію да благаслаўлёнага Яна Паўла II.

У Шуміліне пілігрымаў вітала як мясцовая парафія, так і ўсе тыя, хто прыехаў ў гэты дзень да Маці Божай Фацімскай, — вернiкi з Віцебска, Наваполацка і нават Брэста.

Імшу цэлебраваў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, канцэлебравалі святары з Віцебска, Гарадка, айцы аблаты, якія апякуюцца санктуарыем і кс. Кармэла, святар з Італіі.

Гамілію падчас Імшы прамовіў а. Раман Шульц ОР. Святар звярнуў увагу на выказванне папы Бэнэдыкта XVI: «Хачу звярнуць увагу на сувязь Марыі з Божым словам. Асабліва гэта бачна у яе „Magnificat“. Тут у пэўным сэнсе бачна, як яна атаясамлівае сябе са словам, паглыбляе яго…. Яна кажа і думае паводле Божага слова, яно становіцца яе словам, а яе слова нараджаецца з Божага слова».

Айцец Раман заахвоціў кожнага з прысутных да штодзённага малітоўнага разважання Святога Пісання. Яго варта папярэдзіць хвілінай малітвы да Святога Духа. Марыя ж падкажа нам, на што звярнуць увагу падчас чытання Бiбліі i якiм чынам змянiць нашае жыццё.

Пасля Імшы адбылася ружанцовая працэсія, напрыканцы якой была прачытана літанія да благаслаўлёнага Яна Паўла II. Моладзь парафіі паказала  пантаміму на тэму фацімскіх аб’яўленняў.

Завяршылася свята вячэрай, якую прыгатавалі для гасцей вернiцы гасцiннай шумiлiнскай парафii.

Кацярына Лаўрыненка

 
© 2003-2024 Catholic.by