Студэнты і ўрачы з Індыі, Шры-Ланкі, Ганы развіталіся з Касцёлам Віцебска | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
23.06.2011 11:42

Ужо на працягу чатырох гадоў у віцебскім касцёле Святога Духа адбываюцца святыя Імшы на англійскай мове, на якія збіраюцца ўрачы і студэнты з Індыі, Шры-Ланкі, Ганы. У гэтым годзе некаторыя з іх ужо скончылі сваю адукацыю, аспірантуру, постдыпломную падрыхтоўку у Віцебску і вяртаюцца да сваіх родных краёў.

Таму 21 чэрвеня 2011 г. адбылася развітальная сустрэча, якую падрыхтавалі Рэды Шрынівасулу — аспірант кафедры дзіцячых захворванняў і Вікторыя Марыясасоі — акушэр-гінеколаг. У віцебскай курыі сабраліся на чале з біскупам Уладзіславам Блінам урачы з Індыі, якія вяртаюцца дадому, іх настаўнікі, святары, сябры, тыя, хто на працягу мінулых гадоў дапамагаў і падтрымліваў іх.  Гэта былі супрацоўнікі кафедры дзіцячых захворванняў УА «Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» на чале з загадчыкам кафедры доктарам медыцынскіх навук прафесарам Ірынай Міхайлаўнай Лысенка, супрацоўнікі  Віцебскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы і Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, з якімі сустракаліся не толькі на занятках і на практыцы, але і ў касцёле.

Развітанне было вельмі цёплым. Урачы абяцалі, што будуць вельмі сумаваць па гэтых часах, казалі, што з сабою ў далёкі край забіраюць частачку Беларусі і памяць аб яе прыгажосці і дабрыні, адкрытасці тых, каго яны тут сустрэлі. Таксама вялікая ўдзячнасць была выказана біскупу Уладзіславу Бліну, кс. Тадэвушу Дабравольскаму SDS і іншым святарам, якія агарнулі духоўнай падтрымкай і апекай урачоў і студэнтаў з Індыі, Шры-Ланкі, Ганы.

Ядвіга Сіпайла

 
© 2003-2024 Catholic.by