Як зацікавіць дзяцей да ўдзелу ў раратах? | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
05.12.2011 12:45

Кожны год падчас Адвэнту ў наваполацкай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса традыцыйна адбываюцца раратнія Імшы. Дзеці і дарослыя тры разы на тыдзень спяшаюцца раніцай у касцёл, каб разам з Марыяй чуваць у чаканні нараджэння Дзіцяці Езуса.

Святыня напаўняецца агеньчыкамі, якія асвятляюць «шлях» вернікаў у Бэтлеем. На першай раратняй Імшы ўсе, хто прыйшоў да алтара Пана, заўважылі, што агеньчыкі ў руках дзяцей набылі новы выгляд — замест свечак з’явіліся каляровыя ліхтарыкі.

Падчас казання ксёндз пробашч Аляксандр Чайкоўскі падкрэсліў сімвалічны сэнс раратніх ліхтарыкаў. Святар звярнуў увагу дзяцей на тое, што цяпер ім, як разумным паннам з Евангелля, прыйдзецца сачыць, каб агеньчыкі не згаслі; быць у штодзённым чуванні.

Жадаючых чуваць у чаканні Божага Нараджэння з кожным годам становіцца ўсё больш. І ў гэтым вялікая заслуга нашага пробашча кс. Чайкоўскага і сясцёр змёртвыхпаўстанак, якія працуюць у наваполацкай парафіі. Яны штодня прыкладаюць намаганні, каб кожны чалавек знайшоў свой шлях да Бога, а потым дапамагаюць ісці гэтым шляхам. За плённую працу ім наша шчырая ўдзячнасць.

Вольга Шаракоўская

 

 
© 2003-2024 Catholic.by