Апостальскі нунцый у Беларусі наведаў Віцебскую дыяцэзію | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
16.12.2011 13:26

15 снежня 2011 г. Віцебскую дыяцэзію наведаў прадстаўнік папы Бэнэдыкта XVI Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Адбылося гэта ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку з нагоды дня духоўных сустрэч святароў і сясцёр законных.

На самым пачатку духавенства Віцебскай дыяцэзіі сабралася ў касцёле, каб праславіць Бога ў Тройцы Адзінага малітвай літургіі гадзін. Затым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і святая Імша. Узначаліў набажэнства арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

На пачатку Эўхарыстыі шаноўнага госця прывітаў пастыр дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін. «Ваша Эксцэленцыя, шаноўны арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, шчыра вітае Вас усё духавенства і сёстры законныя Віцебскай дыяцэзіі. Тут працуюць найлепшыя святары і найлепшыя сёстры ў свеце! Мы бязмерна ўдзячныя, што добры Бог паслаў нам такога дарагога госця!» — сказаў біскуп.

Святая Імша цэлебравалася на лацінскай мове. Арцыбіскуп Гуджэроцці звярнуўся са словамі гаміліі да прысутных па-італьянску. Перакладаў сакратар нунцыя а. Вячаслаў Пялінак МІС.

Прадстаўнік Святога Айца нагадаў пра асобу св. Яна Хрысціцеля і заахвоціў святароў да шчырасці перад самімі сабой. Ён паразважаў над самотнасцю святара і заклікаў не падзяляць жыццё на публічнае і прыватнае, стараючыся без раздвоенасці быць верным слугой Бога.

Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп благаславіў прысутных апостальскім благаслаўленнем, сказаўшы: «Я сёння благаслаўляю вас ад імя Святога Айца Бэнэдыкта XVI». Арцыбіскуп папрасіў святароў перадаць гэтае благаслаўленне вернікам у парафіях.

Варта дадаць, што ўзбагацілі дзень духоўных сустрэч браты ў святарстве Грэка-каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, які таксама выступіў і прывітаў Апостальскага нунцыя.

Пасля абмеркавання арганізацыйных пытанняў пробашч парафіі кс. канонік Катэдральнай Капітулы Аляксандр Чайкоўскі запрасіў усіх на пачастунак. Усе мелі магчымасць падзяліцца аплаткай з нунцыем і біскупам Уладзіславам.

Прыбыццё ў Наваполацк прадстаўніка Ватыкана можна параўнаць са з’яўленнем св. Яна Хрысціцеля, чый голас і прысутнасць былі так неабходныя народу Ізраэля. Гэтаксама ў Віцебскай дыяцэзіі неабходны чалавек, які перадае словы і думкі Святога Айца, яднае сваёй асобай партыкулярны Касцёл з Касцёлам паўсюдным.

Святары і сёстры Віцебскай дыяцэзіі моцна палюбілі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Яны адразу ацанілі яго гумар, жыццярадаснасць і непадробную ўсмешку. Веру, што пасланніка Папы палюбяць і вернікі віцебскага Касцёла. Тым больш што арцыбіскуп атрымаў шматлікія запрашэнні не толькі ад біскупа Бліна, але і ад пробашчаў парафій. Арцыбіскуп паабяцаў наведваць паўночную дыяцэзію Беларусі як мага часцей.

Кс. Віктар Місевіч


 
© 2003-2024 Catholic.by