У Віцебску сустрэлі ўрачыстасць святога Юзафа сем’ямі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
20.03.2012 15:55

Урачыстасць св. Юзафа ў віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага ў гэтым годзе вернікі святкавалі супольна парафіяльнымі сем’ямі. Нават нягледзячы на стомленасць пасля працоўнага дня, на вячэрнюю св. Імшу прыйшлі 22 сям’і.

Ксёндз Аляксей Асон у гаміліі падкрэсліў, што шчаслівая сям’я — гэта веруючая сям’я. Толькі супольна, захоўваючы вернасць адно аднаму і праз узрастанне ў любові, можна дасягнуць мэты, да якой паклікаў нас Бог. А Бог хоча нашага шчасця ўжо на зямлі, таму даверыў не толькі Езуса і Марыю, але і ўсе сем’і, заступніцтву св. Юзафа. Святар адзначыў, што сям’ю можна параўнаць з каналам, па якім да нас сплывае Божая ласка. Чым мацнейшай будзе сям’я, тым глыбей чалавек спазнае праўду пра Любоў.

На заканчэнне гаміліі ўсе прысутныя сем’і атрымалі спецыяльнае благаслаўленне. Мужчынам былі раздадзены памятныя абразкі з выявай св. Юзафа, наследаваць якога кожны з іх пакліканы. Пасля літургіі ў моладзевым цэнтры адбыўся пачастунак для бацькоў. Супольны стол Эўхарыстыі, нябеснага хлеба, працягваецца таксама насычэннем зямным хлебам. Сем’і будуюць сваю любоў не паасобку, а ў супольнасці Касцёла. Таму вельмі важным з’яўляецца сяброўства хрысціянскіх сем’яў між сабой і ўзаемная падтрымка. На сустрэчы было бачна, што знайшліся супольныя тэмы для размоў. Дай Божа, каб усе парафіяльныя сем’і разам імкнуліся да збаўлення.

Дк. Валерый Марціноўскі

 
© 2003-2024 Catholic.by