Фэст баяністаў прайшоў у Савутках | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
02.05.2012 11:56

У невялікай вёсцы Савуткі Шаркаўшчынскага раёна 29 красавіка 2012 г. упершыню адбыўся фэст баяністаў. Свята было прымеркавана да ўспаміну святога Юзафа рамесніка, што адзначаецца 1 мая.

У шэрасці працоўных будняў святы Юзаф, наш апякун, вучыць адпачываць, таму на свята сабралася ўся вёска.

Пасля ўрачыстай літургіі, якую цэлебраваў душпастыр парафіі кс. Аляксей Юркайць, вернікі працягнулі святкаванне разам з глыбоцкімі баяністамі Юзафам і Данілам ажно да позняга вечара: спявалі песні, на вогнішчы смажылі каўбаскі, а потым танцавалі прыгожыя старажытныя танцы.

Гук баяна не пакінуў без узрушэння нікога з жыхароў: кожны з настальгіяй успамінаў былыя часы, калі людзі збіраліся «на сяло» і весела бавілі час. Няшмат ужо засталося жыхароў, вёска паволі знікае. Але чаканне фэсту святога Юзафа дадае сілы, надзею, што і ў наступным годзе зможам праз гэтае святкаванне праславіць Бога!

 
© 2003-2024 Catholic.by