У Дзісне прайшоў турнір па міні-футболе сярод міністрантаў | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
03.05.2012 12:05

1 мая ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзісне прайшоў турнір па міні-футболе сярод міністрантаў Віцебскай дыяцэзіі на кубак біскупа Уладзіслава Бліна. У спаборніцтвах прымалі ўдзел каманды з Дзісны, Віцебска, Лучая і Мёраў.

Лучайскія, мёрскія і дзісненскія міністранты ўжо трэці раз мелі магчымасць сустрэцца на полі, а вось хлопцы з Віцебска на спаборніцтвы завіталі ўпершыню. Акрамя ўдзельнікаў, за свае каманды прыехалі пабалець і святары: кс. Мікалай Ліпскі, кс. Тадэвуш Дабравольскі і кс. дк. Валерый Марціноўскі. Дзісненскіх хлопцаў падтрымліваў кс. Аляксандр Грыцкевіч.

Гульні праводзіліся па кругавой сістэме, дзякуючы чаму кожная каманда мела магчымасць памерацца сіламі з кожным сапернікам. Пасля лёсавання і агульнага пастраення галоўны суддзя турніру нагадаў правілы і дадаў, што, нягледзячы на розныя складанасці гульні, трэба памятаць аб павазе і духу братэрства.

Ход матчаў выявіў даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі дзісненскай каманды, якая і заняла першае месца, атрымаўшы кубак. За другое месца змагаліся каманды Лучая і Мёраў. Мёрскія хлопцы ў гэтым годзе ўзмацнілі свой састаў. Менавіта таму міністранты з Мёраў заслужана сталі сярэбранымі прызёрамі. Лучай заняў трэцяе месца, а Віцебск чацвёртае.

Футбалісты і балельшчыкі ў добрым настроі ад’язджалі з Дзісны, яшчэ раз упэўніўшыся, што футбол — гэта адзін з найлепшых спосабаў правесці час і добрая магчымасць паказаць свае спартыўныя здольнасці, а праз свае дасягненні таксама і парадаваць вернікаў і святароў родных парафій.

Кс. Аляксандр Грыцкевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by