Пісьменніца Ірына Жарнасек малітву па-беларуску ўпершыню пачула з вуснаў кс. Пятрайціса | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
11.05.2012 12:42

Пісьменніца Ірына Жарнасек, каталічка, добра ведала кс. Уладзіслава Пятрайціса. Разам з ім выдавала рэлігійную газету «Голас душы». Даведаўшыся пра смерць святара, спадарыня Ірына не магла стрымаць слёз. Аповед пісьменніцы пра спачылага кс. Пятрайціса запісаў карэспандэнт «Вестак».

«Калісьці я прачытала ў часопісе „Бярозка“ артыкул пра Мёры. Пісалі, што ксёндз моліцца-па-беларуску. Тады гэта была навіна.

Я хацела да яго паехаць, збіралася. Але ксёндз Уладзіслаў прыехаў сам у Полацк. Было асвячэнне крыжа, які ўсталявалі на месцы расстрэлу ахвяраў сталінізму ў Бельчыцах. 90-я гады, гэта было ўсё свабодна, ішлі вялікай калонай: праваслаўныя, грэка-католікі, рыма-католікі. У Полацку яшчэ не было каталіцкага святара, і запрасілі ксяндза Уладзіслава. Ён маліўся простымі словамі, простымі малітвамі. Я ўпершыню чула малітву па-беларуску. Тэксты ўжо ведала, бо былі пераклады Чарняўскага, а чула ўпершыню.

Пасля я падышла да яго, мы пазнаёміліся. Я тады працавала ў гарадской газеце Наваполацка. Ксёндз Уладзіслаў жартам сказаў: можа, варта рабіць газету. Мы выдалі з ім, па-мойму, шэсць нумароў, газета называлася „Голас душы“. У кожны нумар ён пісаў свой артыкул, падпісваўся як рэдактар, асноўную працу рабіла я. Гэта быў мой першы крок у каталіцкай прэсе. Ён зрабіў магчымым гэты крок.
Спачатку ксёндз Уладзіслаў мог маліцца па-беларуску па паперы, але не размаўляў па-беларуску. Размаўляў па-руску. Калі мы рабілі газету, на першай ці на другой сустрэчы я жартам кажу: калі не вывучыце беларускую мову, я не буду з Вамі супрацоўнічаць. Ён усё казаў: у мяне няма практыкі, няма каму навучыць — так апраўдваўся. Але вельмі хутка вывучыў беларускую мову, валодаў ёй цудоўна. Потым, калі мы перасталі супрацоўнічаць, сустракаліся зрэдку, ён мне заўсёды, амаль пры кожнай сустрэчы казаў: я Вам удзячны за тое, што вывучыў беларускую мову.

Чалавек ён быў добры, толькі надарваны, паранены. Ксёндз Уладзіслаў расказваў мне, чаму ён апынуўся ў Беларусі. У Каўнасе хлопец (не магу ўспомніць прозвішча) зрабіў самаспаленне, пратэстуючы супраць савецкай улады. Ксёндз Уладзіслаў напісаў верш на ягоную смерць — і пачаліся ў яго непрыемнасці, ён вымушаны быў з Літвы з’ехаць. Я адчувала гэтую надломленасць.

Памятаю, ксёндз Уладзіслаў расказваў пра помнік ненароджанаму дзіцяці ў Мёрах. З радасцю расказваў, як адзін раз ён ішоў у касцёл і ўбачыў каля гэтага помніка кветкі. Людзі, вядома, баяцца прызнацца ў такіх грахах, выказаць свой боль. Хтосьці паклаў кветкі на сімвалічную магілу свайго дзіцяці.

…Сёння раніцай успамінала ксяндза Уладзіслава. Быў такі выпадак. Неяк у мяне быў сумны настрой, не памятаю з якой прычыны. А ён мне кажа: „Я Вам хачу сказаць добрую вестку. Бог Вас любіць!“»

 
© 2003-2024 Catholic.by