Біскуп Клімовіч удзяліў святарскае пасвячэнне брату Алегу Вайцяховічу | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
15.05.2012 12:39

12 мая 2012 г. у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах брат Алег Вайцяховіч з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў атрымаў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Кірыла Клімовіча, ардынарыя дыяцэзіі Св. Юзафа ў Іркуцку (Расія).

Алег Вайцяховіч нарадзіўся 21 верасня 1985 года ў в. Порплішча. У Ордэн Братоў Меншых Капуцынаў уступіў у 2003 годзе, адразу пасля заканчэння школы, вечныя шлюбы склаў у 2010 годзе ў Докшыцах, дыяканскае пасвячэнне атрымаў у 2011 годзе ў Закрочыме (Польшча). У 2012 годзе скончыў Люблінскую вышэйшую духоўную семінарыю.

«Першыя думкі стаць святаром у мяне з’явіліся ў той час, калі я быў міністрантам і мы не мелі ў парафіі свайго святара, а. Тадэвуш Кавальскі прыязджаў да нас з Докшыц, — успамінае а. Алег Вайцяховіч. — Ужо ў адзінаццатым класе я стаў больш цікавіцца жыццём Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, прымаў удзел у супольных сустрэчах, і ў адзін момант адчуў у сваім сэрцы, што Езус кліча мяне, і стаў Яго слугой».

Урачыстая святая Імша сабрала як шматлікіх гасцей з-за мяжы, так і беларускіх святароў, сясцёр і братоў законных, а таксама блізкіх і родных новапрэзбітэра. На пачатку літургіі віцэправінцыяльны міністр капуцынаў Беларусі а. Андрэй Жылевіч прывітаў гасцей і біскупа Клімовіча, які ў 90-х гадах з’яўляўся пробашчам парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы ў вёсцы Порплішча, адкуль паходзіць Алег Вайцяховіч.

«Святар прыходзіць з людзей, а потым усё сваё жыццё ім жа служыць. Каталіцкія святары пасланы да кожнага, хто шукае праўду, каб абвяшчаць Божае слова. Няхай тваё навучанне будзе ежай для народу Божага, і тут не павінна быць нацыянальных і рэлігійных абмежаванняў», — з такімі словамі звярнуўся біскуп Клімовіч да новапрэзбітэра.

13 мая а. Алег Вайцяховіч цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу ў сваёй роднай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы. Павіншаваць і падтрымаць свайго земляка прыйшло шмат аднавяскоўцаў, сярод якіх былі і школьныя настаўнікі святара.

Таццяна Шульгат

 
© 2003-2024 Catholic.by