Малітоўнае чуванне на тэму радасці прайшло ў Друі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
30.05.2012 16:25

З 26 на 27 мая 2012 г. у Друі (Віцебская дыяцэзія) адбылося малітоўнае чуванне моладзі, галоўнай тэмай якога была радасць. Менавіта гэтай тэме папа Бэнэдыкт XVI прысвяціў сваё пасланне на Сусветны дзень моладзі ў гэтым годзе. Сустрэча адначасова стала падрыхтоўкай да святкавання ўрачыстасці Спаслання Духа Святога.

У суботу ў друйскі кляштар прыехала моладзь з розных куткоў дыяцэзіі: Віцебска, Глыбокага, Міёр, Паставаў, Браслава, Верхнядзвінска, Варапаева і іншых мясцовасцяў, усяго больш за 120 чалавек.

Чуванне пачалося з канференцыі на тэму васьмі благаслаўленняў, якую праводзіла с. Нунэ Цітаян. На заканчэнне выступіла моладзь з парафіі ў Ашмянах з кароткай інсцэніроўкай, а потым адбылася праца ў групах.

Асаблівым госцем сустрэчы быў гурт «Miłość» з Ліды, які выступіў з канцэртам. Пасля малітвы Ружанца канференцыю прамовіў кс. Аляксандр Грыцкевіч, пробашч парафіі ў Дзісне, які падзяліўся сваімі думкамі наконт радасці.

Святую Імшу ўзначаліў кс. Юрый Вільк SCJ з Віцебска. Гамілію прамовіў кс. Тадэвуш Дабравольскі SDS, які прадставіў розныя формы дзеяння Духа Святога ў жыцці хрысціяніна.

Раніцай у нядзелю распачалося набажэнства «Шлях Святла», стацыі якога распавядалі пра аб’яўленне Езуса пасля ўваскрасення. Малітоўнае чуванне ў Друі скончылася спевам Літаніі да Найсвяцейшай Марыі Панны.

Чуванне «Школы малітвы» праводзілася ў Друі ўжо ў дзевяты раз і было арганізавана душпастырствам пакліканняў сясцёр эўхарыстак і ксяндзоў сальватарыянаў.

 
© 2003-2024 Catholic.by