З Езусам па вуліцах Віцебска | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
11.06.2012 13:45

«У Гостыі ўкрыты Богачалавек», — далёка разносіўся спеў па вуліцах Віцебска 9 чэрвеня. У гэты дзень, адсвяткаваўшы 7 чэрвеня ўрачыстасць Божага Цела ў сваіх парафіях, католікі з усёй дыяцэзіі, не пабаяўшыся дажджу і пакінуўшы свае справы, з’ехаліся ў Віцебск, каб разам са сваім біскупам, святарамі і сёстрамі законнымі прайсці ў эўхарыстычнай працэсіі вуліцамі горада і такім чынам скласці публічна вызнанне сваёй веры і пабожнасці да Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Працэсія пачалася святой Імшой у касцёле Святога Духа пад кіраўніцтвам ксяндза Эдмунда Друза SChr, дырэктара Душпастырскага цэнтра ў Мінску. На пачатку Імшы было ўрачыста абвешчана аб тым, што віцебскі ардынарый біскуп Уладзіслаў Блін менаваў канонікам Віцебскай катэдральнай капітулы ксяндза Паўла Кнурэка, пробашча парафіі Святога Апостала Андрэя ў Лынтупах.

У гаміліі падчас літургіі ксёндз Юрый Марціновіч, дырэктар партала Catholic.by, казаў аб сутнасці сакрамэнту Эўхарыстыі: «Найсвяцейшае Цела і Кроў Езуса Хрыста з’яўляюцца нашымі лекамі ад грахоў. Святая Камунія, якую мы прымаем падчас Імшы, — самае каштоўнае ў нашай хрысціянскай веры».

Падчас гэтага набажэнства дзесяці юнакам і дзяўчатам з віцебскіх парафій біскуп Уладзіслаў Блін удзяліў сакрамэнт канфірмацыі, праз які яны атрымалі дар Святога Духа для мужнага вызнавання сваёй веры.

Пасля Імшы працэсія ўрачыста рушыла да катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага ў музычным суправаджэнні аркестра Віцебскай ваеннай камендатуры, спыняючыся каля стацыйных алтароў, каб паслухаць Божае слова. Працэсія скончылася ў касцёле Езуса Міласэрнага благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам і ўрачыстым спевам «Цябе, Божа, праслаўляем».

Напрыканцы біскуп Уладзіслаў Блін адзначыў, што ўдзельнікі ўрачыстасці далі прыгожае сведчанне сваёй веры, і дадаў: «Я вельмі ўзрушаны тым, што на працэсію прыехала ўся сярэдняя музычная школа з парафіі Барсукі (амаль 30 дзяцей разам з настаўнікамі). Дзеці сказалі, што яны не жадаюць ісці аглядаць горад, яны жадаюць маліцца. Дзякуй, дзеці, што маеце такую веру. Вы, прысутныя, здолелі паказаць, што можна быць шчаслівым з Панам Богам. Дзякуй вам за вашую веру, надзею і любоў».

Пасля вернікі мелі магчымасць падсілкавацца ў кавярні катэдральнага касцёла, паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы са сваім біскупам, святарамі і сёстрамі, а таксама паслухаць рэлігійныя спевы ў выкананні музычнага гурта пад кіраўніцтвам ксяндза Анджэя Каліцяка SDS.

Кацярына Лаўрыненка

 
© 2003-2024 Catholic.by