Біскуп Уладзіслаў Блін наведаў парафіянаў Германавіч | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
11.06.2012 14:34

Касцёл Перамянення Пана ў мястэчку Германавічы (Шаркаўшчынскі раён) наведаў з пастырскім візітам біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. Для невялікага мястэчка прыезд біскупа — гэта вялікая падзея, да якой доўга рыхтуюцца. Касцёл упрыгожылі рознакаляровымі сцяжкамі, а дарогу біскупу выклалі аерам і кветкамі. Вернікі чакалі пастыра каля брамы касцёла, каб сустрэць яго хлебам-соллю і кветкамі.

Прывітанне было вельмі простым і шчырым. «Самі спяклі бохан»? — запытаў Уладзіслаў Блін у жанчыны. — «Не я, але дзяўчаты нашы», — адказала яна. У дзяўчыны, што ўручала кветкі, біскуп спытаў, ці жадае яна пасля вучобы вярнуцца ў Германавічы. «Не», — шчыра адказала дзяўчына.

«У Віцебску ўчора ішоў дождж, а ў Германавічах сёння добрае надвор’е!» — адзначыў біскуп, ідучы сярод вернікаў. Іерарх усміхаўся, браў дзяцей за рукі, запрашаючы ісці разам у касцёл, благаслаўляў вернікаў.

На Імшы дзеці стаялі каля самага алтара, побач з міністрантамі. «Хто можа сесці, хай садзіцца, а я буду стаяць разам з тымі, хто стаіць», — сказаў біскуп Уладзіслаў Блін перад літургіяй слова.

Як паведамляе партал Westki.info, казанне біскуп пачаў з вядомага анекдота пра неба і пекла — дзе чалавек здалёк пабачыў, што ў пекле весела і бясконцыя забавы, трапіў у смалу і пачуў ад чорта, што «гэта была рэклама». Біскуп казаў людзям: «Добра, што вы прыйшлі ў касцёл, да Хрыста». Казаў простыя рэчы пра малітву, веру, любоў да бліжняга.

«Гавораць мне: „біскуп, ты заўсёды з усмешкай, заўсёды ўсім дзякуеш”. Бо так на самой справе. Я вас усіх хвалю, бо вы ўсе добрыя! Як вы ўсе стараецеся быць добрымі! Можа, што не атрымліваецца, так, але мы гэтага не хочам. Гэта грэх нам перашкаджае быць шчаслівымі з Богам. Таму ідзіце да Езуса. І ты тады ніколі не будзеш адзінокі, не будзеш пакінуты. Маліцеся і будзьце з Езусам. Гэтага ўсяго вам жадаю», — адзначыў біскуп Уладзіслаў Блін падчас гаміліі.

Пасля пропаведзі біскуп асвяціў новы алтар.

Некалькі дзясяткаў германавіцкіх вернікаў атрымалі сакрамэнт канфірмацыі — прыняцце Духа Святога. Біскуп маліўся, каб Дух Святы сышоў на вернікаў, а потым накрэсліваў крыжыкі алеем на ілбах, кажучы: «Прыміце Духа Святога».

Малітву верных біскуп Уладзіслаў Блін правёў разам з дзецьмі. Дзеці прасілі маліцца за бацькоў, сваякоў, настаўнікаў, святароў.

Адчувалася, што біскуп з вялікай цеплынёй ставіцца да вернікаў, а вернікі гэтак жа — да біскупа. Зрэшты, інакш і не павінна быць у Касцёле.

Кастусь Шыталь


 
© 2003-2024 Catholic.by