Чым вабяць дзяцей і падлеткаў «Канікулы з Богам»? | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
20.06.2012 14:07

Будзем славіць Бога?

18 чэрвеня 2012 г. перад палуднем касцёл Найсвяцейшай Тройцы, што ў Докшыцах, звінеў дзіцячымі галасамі. Яшчэ каля дзвярэй чуліся гучныя акорды гітары і дружны спеў. Айцец Віталій, які вось ужо колькі гадоў запар працуе з дзецьмі, распачаў новы дзень канікул такімі словамі:

— Всем привет. Как дела?
— Хорошо, — адказвалі дзеці.
— Будем славить Бога?
— Да! Да! Да!

Сёлета на канікулы з Богам у Докшыцах сабралася больш, чым звычайна, — 80 чалавек. Традыцыйна сюды прыехалі моладзь і падлеткі з Мінска, Слоніма, Маладзечна, Віцебска, Докшыц і розных вёсак раёна. Асабліва шмат было на гэты раз дзяцей з бярозаўскай парафіі. Колькасць дзяцей у парафіі стала павялічвацца пасля таго, як там быў пабудаваны касцёл а ў Докшыцы яны прыехалі, каб сустрэцца летам са сваімі аднагодкамі, пазнаёміцца і знайсці сабе новых сяброў. Тут, у Докшыцах, разам з законнікамі дзеці знаходзяць занятак для душы і цела. Арганізатарам актыўнага адпачынку з’яўляецца сястра Маргарыта Аўгустын. Брат Войтэк песціў дзетак рознымі ласункамі і трохразовым гарачым харчаваннем.

Як адчуваюць сябе дзеці тут? Што новага ўбачылі і пачулі? На гэтыя пытанні даюць адказ самі дзеці, якіх аб’яднала вера ў Бога.

Эдуард з Докшыц:

На канікулах у аазе (лагеры для падлеткаў), што створаны пры касцёле, я адпачываю трэці год запар. Мне тут вельмі падабаецца. Айцец Віталій, сястра Маргарыта — такія цікавыя і завадныя людзі! З імі лёгка весці размову, цікава бавіць вольны час. Разам мы іграем у мяч, спяваем песні, удзельнічаем у спаборніцтвах. Сёлета з сабой у лагер я прывёў па прапанове бацькоў і пяцігадовага браціка Ромку. Здаецца, што яму таксама гэты адпачынак прыйшоўся да спадобы.

Вікторыя з Крыпуляў:

Я на такіх канікулах упершыню. Мне прапанавалі паехаць сюды сяброўкі, якія ўжо адпачывалі такім чынам неаднойчы. Вельмі захапляючыя канікулы. Тут заўсёды ёсць чым заняцца. Смачна кормяць, змястоўна расказваюць біблейскія гісторыі. Тлумачаць Святое Пісанне. Шмат даюць пазнавальнага.

Анастасія з Бярозаўкі:

Каб хто раней сказаў, што адпачываць у лагеры пры касцёле так весела і цікава, то ніколі б не зразумела. Калі сказаць шчыра, то я не зусім хацела сюды ехаць, бо дома знаходжу сабе занятак. Але цяпер я вельмі задаволеная, што выкарыстала магчымасць адпачыць разам з Богам і аднадумцамі ў веры.

Аня са Слоніма:

Зараз я аніматар і разам з малодшымі братамі і сёстрамі адпачываю. Мне вельмі падабаюцца Докшыцы. Тут добра арганізаваны адпачынак. Мы паспяваем здзейсніць усё запланаванае і ніколькі не стамляемся. Магу сказаць кожнаму: лепшага адпачынку няма, чым адпачынак з Богам.

Лагер для падлеткаў, што створаны пры касцёле, разгортвае шырокую духоўную прастору, вучыць дзяцей адносінам паміж сабой, павазе да дарослых, жыццю па запаветах Усявышняга. Як сказаў на нядзельнай літургіі пробашч касцёла Марэк Пасют, выказванне «Бог любіць Тройцу» ведаюць усе, а вось далёка не кожны жыве па гэтым прынцыпе. У сям’і гадуюцца адно-двое дзецей. А дзе ж трэці? У дзяцей вельмі развіта самалюбства: яны хочуць мець усё, а дзяліцца з іншымі не жадаюць нават цукеркай.

Арганізоўваючы лагер, мы ставілі перад сабой мэту навучыць дзяцей быць дзецьмі Бога, а таксама братамі і сёстрамі паміж сабой. Той, хто выконвае Божыя запаведзі, і ёсць нам брат альбо сястра. Адкрыць вочы дзецям і паказаць шлях у Неба — асноўная мэта стварэння аазы.

Нэлі Бяляўская


 
© 2003-2024 Catholic.by