Мары, прабачэнне, пакліканне. Працягваецца сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
17.08.2012 09:21

Супольнай малітвай распачаўся другі дзень Дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі ў Браславе.  Падчас канференцыі спадарыня Анжаліка Пілат расказала прысутнай моладзі пра мары, якія ўзносяць чалавека да нябёсаў, і адзначыла, што дзякуючы ім, маладая асоба можа зразумець, чаго можа дасягнуць.

Кожны чалавек мае «скрыню» ў галаве. Але яна павінна быць запоўнена толькі добрымі думкамі і намерамі. Прамоўца распавяла пра тое, што ўсё пачынаецца з любові. Мы можам любіць чалавека проста за тое, што ён ёсць.

Падчас святой Імшы айцец Анджэй Юхневіч ОМІ засяродзіў увагу моладзі на пытанне прабачэння: чалавек заўсёды павінен прабачаць больш разоў, чым яго крыўдзяць. Каб прабачыць, нам патрэбна перш за ўсё любоў Езуса Хрыста.

Маладыя людзі не павінны марнаваць свой час, а павінны вучыцца на працягу ўсяго жыцця, каб быць падобнымі да Пана Бога. Працуючы ў групах, моладзь прыклала ўсе намаганні, каб аказаць узаемадапамогу і падтрымку. Пасля абеду 12 груп паказалі мініяцюры і пантамімы.

Сваім сведчаннем падзялілася з моладдзю сястра Нунэ Цітаян. Жадаючыя задавалі пытанні пра пакліканні, пра манаскае жыццё.

Вечарам моладзь слухала спевы гурта «Подых Духа». Пасля вясёлай музыкі праслаўлення, і супольных танцаў усе пайшлі адпачываць.

Ірына Грэйць

Даведка. VII Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі распачалася 15 жніўня ў Браславе. Завершыцца яна 18 жніўня ўрачыстасцямі ў гонар Маці Божай Валадркі Азёраў.

 
© 2003-2024 Catholic.by