Алкагалізм — хвароба душы і цела. У Мосары адзначылі Дзень цвярозасці | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
08.10.2012 15:41

Падтрымліваючы традыцыю, у першую суботу кастрычніка, калі адзначаецца Сусветны дзень цвярозасці, у Мосары адбылося своеасаблівае святкаванне гэтага дня. Трохдзённыя рэкалекцыі — 5–7 кастрычніка — сабралі шматлікіх асоб, якія, дзякуючы Божай ласцы, адкрылі каштоўны дар цвярозасці, каб дзякаваць Богу за цуды ў іх жыцці і маліцца аб цвярозасці для моладзі, сем’яў і ўсяго беларускага грамадства.

Кульмінацыяй рэкалекцый стала святкаванне Сусветнага дня цвярозасці і 5-гадовага юбілею Алеі цвярозасці, заснаванай вядомым барацьбітом з алкагалізмам кс. Юзафам Булькам.

У межах святкавання члены груп Ананімных алкаголікаў з розных куткоў Беларусі ўдзельнічалі ў кранаючых сустрэчах са сведчаннямі, разважалі на канферэнцыях і маліліся на Ружанцы перад рэліквіямі святога Юстына і каля капліц. А таксама мелі магчымасць пазнаёміцца з Мосарам і гісторыяй парафіі, добраўпарадкаваць Алею цвярозасці і наведаць Этнаграфічны музей і «Касцёльны музей цвярозасці». Увечары ўдзельнікаў рэкалекцый чакалі конкурсы і забавы.

Вельмі запамінальнымі і кранаючымі ў памяці ўдзельнікаў засталіся сустрэчы групаў АА (ананімных алкаголікаў), і сямейных згуртаванняў АА: Ал-Анон (члены сем’яў, залежных ад алкаголю) і ДДА (дарослыя дзеці алкаголікаў). Аб’яднанні АА плённа працуюць ў Беларусі па праграме 12-ці крокаў ужо больш 20-ці гадоў.

У суботу адбылася ўзнёслая ўрачыстая святая літургія аб каштоўным дары цвярозасці для ўсіх людзей, а таксама за памерлых ад алкаголю.

Суботнім вечарам пасля малітвы ў касцёле і вячэры на сустрэчу ў «Парафіяльны дом» завіталі пісьменнікі Васіль Якавенка і Анатоль Астапенка. Васіль Якавенка прадставіў свой раман-трылогію «Пакутны век», і яе працяг «Нячывелле», і свае творы «Чорная Ружа», «Прывіды Шанхая над Свіслаччу». Анатоль Астапенка прадставіў чытачам кнігу «И где зродилися и ускормлены суть по Бозе», а таксама свой твор пад псеўданімам Антон Кулон «Сіняя кніга беларускага алкаголіка». У гэтым выданні сабраныя гісторыі беларускіх мастакоў, музыкаў, навукоўцаў, якія спіліся і рана пайшлі з жыцця. Сам аўтар дзесяць гадоў таму кінуў піць і дзеліцца сваім досведам пазбаўлення ад алкагольнай залежнасці. Алкаголікам важны жывы прыклад цвярозага і шчаслівага жыцця.

У нядзелю перад святой літургіяй АА і ДДА далі вернікам сваё сведчанне аб Божай прысутнасці ў іх жыцці.

Алкагалізм — гэта хвароба душы і цела. Калі ў сям’і ёсць алкаголік, хворыя ўсе. Пазбавіцца гэтай хваробы немагчыма. З ёй трэба жыць да канца свайго жыцця. Алкагалізм — хвароба, якая прагрэсіруе год ад году, але яе развіццё можна спыніць. Як? Адказ на гэтае пытанне можна знайсці толькі з Вышэйшай сілай — Богам.

Ні дактары, ні кадзіраванне, ні сіла волі не ў стане вызваліць чалавека з палону гэтай хваробы, а толькі Божая дапамога, сіла і ласка дазваляе адкрыць каштоўны дар жыцця ў цвярозасці.

Ксёндз Аляксей Юркайць,
адміністратар парафіі ў Мосары

 
© 2003-2024 Catholic.by