Дзень нябеснай Маці ў Шуміліне | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
15.10.2012 12:01

«Мама — галоўны чалавек у жыцці. Разам са сваімі дзецьмі яна пакутуе і радуецца, заўсёды перажывае за іх», — так  кс. Дзмітрый Занямонскі ОМІ казаў пра Маці Божую. Але зразумець, якая яна, нябесная Маці, можна толькі праз адносіны са сваёй зямной маці. Сімвалічна, што ў гэтыя выхадныя Беларусь адзначыла Дзень Маці Божай Фацімскай (13 кастрычніка) і Дзень маці (14 кастрычніка).

«Мноства прыкладаў з жыцця сведчаць пра тое, што праз заступніцтва Марыі адбываюцца цуды. А значыць, Марыя заўсёды клапоціцца пра сваіх дзяцей, клапоціцца аб нашых духоўным развіцці. Самая ж вялікая радасць для яе — каб мы пазналі яе Сына — Езуса Хрыста», — дадаў падчас гаміліі святар.

У невялікім горадзе Шуміліна ёсць вялікі, праўда, яшчэ недабудаваны касцёл і кляштар. Святыню мясцовыя вернікі называюць санктуарыем Маці Божай Фацімскай, бо тут знаходзіцца яе фігура, а апошні час побач з фігурай з’явіліся воты — сімвалы таго, што і тут адбываюцца цуды. У гэтым месцы не было цудоўных аб’яўленняў, але ёсць вера людзей, якая вытрывала многае. Гісторыя парафіі ў Шуміліне распачалася ў 1999 г. пасля стварэння Віцебскай дыяцэзіі. Дагэтуль у мястэчку святыні не было. Суседняя святыня знаходзілася ў Непаротах, але пасля была знішчана камуністычным рэжымам. Цяпер духоўны цэнтр айцы аблаты ствараюць у Шуміліне — мястэчку на паўднёвым усходзе краіны.

Асноўныя ўрачыстасці ў касцёле Маці Божай Фацімскай у Шуміліне адбываюцца 13 мая і 13 кастрычніка — ва ўспамін першых і апошніх фацімскіх аб’яўленняў. Ужо на працягу чатырох гадоў тут трывае фацімская навэнна, якая працягнецца да 2017 г., стагоддзя марыйных аб’яўленняў у Фаціме.

«Хачу, каб гэтая святыня стала навяртаннем многіх сэрцаў, месцам маладых сужонкаў, дзе яны будуць ахвяроўваць свае сэрцы і сужэнства для Марыі; месцам для моладзі, для дзяцей і тых, хто жадае жыць з Богам і, канечне, для старэйшых асоб. Каб кожны мог тут знайсці сябе і Бога», — адзначыў пробашч парафіі кс. Анджэй Юхневіч ОМІ.

Урачыстую Імшу ў суботу 13 кастрычніка ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, канцэлебраваў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін і амаль усе святары дыяцэзіі, якія ў гэты дзень сабраліся на супольную сустрэчу.

Пасля Імшы гасцінныя парафіяне пачаставалі ўсіх прысутных вернікаў абедам. Можна было таксама паўдзельнічаць у латарэі, грошы ад якой пойдуць на пачастункі дзецям з дзіцячага дома ў Обалі.

Святлана Жылевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by