Браслаўскі «Карытас» арганізаваў свята для «дзяцей міру» | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
16.11.2012 11:46

«Дзеці міру» — цяпер так па праву могуць называць сябе тыя, хто нарадзіўся сёлета ў Браславе 21 верасня — у Сусветны дзень міру, і бацькі якіх 14 лістапада атрымалі адпаведныя сертыфікаты. Свята для бацькоў такіх дзетак арганізавала парафіяльнае дабрачыннае таварыства «Карытас», раённая рада жанчын і раённае аддзяленне Фонду міру.

Ва ўрачыстай зале гарадскога ЗАГСа бацькі і прадстаўнікі названых арганізацый, а таксама раённай бальніцы за круглым сталом у сяброўскай атмасферы размаўлялі пра нараджальнасць, пра складаныя пытанні выхавання і, канечне, вечныя хрысціянскія каштоўнасці.

Як адзначыла Тамара Пашкевіч, дырэктар браслаўскага «Карытас», сёлета 21 верасня ў Браславе нарадзіліся шэсць дзетак (дарэчы, найбольшы паказчык па вобласці). Іх бацькам фонд міру ўручыў сертыфікаты «Дзіця міру», а «Карытас» — сертыфікаты на ўдзел у дабрачынных акцыях у 2013 г.

Дадзеная акцыя стала першым сумесным мерапрыемствам дзяржаўных арганізацый і парафіяльнага аддзялення дабрачыннай арганізацыі «Карытас». Існуе яно ў Браславе з гэтага года, але ўжо паспела зрабіць шмат добрых спраў.

Святлана Жылевіч

 
Фота Тамары Пашкевіч
 
© 2003-2024 Catholic.by