У Далёкіх дні перад святам Божага Нараджэння прайшлі ў чаканні і падрыхтоўцы | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
26.12.2012 17:54

Дні перад святам Божага Нараджэння ў парафіі Святога Станіслава ў Далёкіх (Браслаўскі раён) праходзілі ў чаканні і падрыхтоўцы. У кожны дом быў занесены ліст “Разам да Бога” з напамінам пра тое, што набліжаецца адно з самых вялікіх хрысціянскіх святаў. У часе Адвэнту людзі стараліся ўдзельнічаць у святых Імшах і, канечне, прыступіць да споведзі – рыхтаваліся духоўна.

За некалькі дзён ажыла і сцяна старога будынка, што побач з касцёлам, – ля яе змайстравалі сімвалічную Бэтлеемскую стайню.

Пад кіраўніцтвам работнікаў Далёкаўскага сельскага дома культуры дарослыя і дзеці падрыхтавалі калядную пастаноўку пра тое, як сустрэча з немаўляткам Езусам можа перамяніць жыццё. Сустрэча гэтая была параўнана з чароўнай музыкай, якая напаўняе, ажыўляе, дае надзею.

У святую ноч парафіяльная супольнасць, якую яшчэ больш зблізіла сумесная падрыхтоўка да свята, дзяліліся аплаткай, віншавалі адно аднаго і перапрашалі.

Ірына Высоцкая

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by