У Мёрах прайшоў фестываль калядак | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
04.01.2013 11:44

Свята Божага Нараджэння — гэта час, калі мы дорым адно аднаму радасць, любоў і ўсмешку. Менавіта такая атмасфера панавала ў Мёрах падчас XII Фестывалю каляднай песні «Зорка Бэтлеема».

Арганізатарам штогадовага конкурсу, які сёлета адбыўся 3 студзеня, з’яўляецца пробашч парафіі ў Мёрах кс. Кшыштаф Мянкіна. Як заўсёды ад самай раніцы пачалі прыбываць маладыя таленты з кожнага куточка Віцебскай дыяцэзіі, каб праславіць сваім спевам маленькага Хрыста і падзяліцца з прысутнымі гледачамі той каляднай радасцю, якая жыве ў сэрцы кожнага ўдзельніка.

Як паведамляе catholicnews.by, сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел маладыя вернікі з Дзеркаўшчыны, Удзела, Мосара, Паставаў, Варапаева, Браслава, Шаркаўшчыны і з Мёраў.

Асаблівым госцем «Зоркі Бэтлеема» стаў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. Кіруючы словы прывітання да ўдзельнікаў, іерарх сказаў: «Я з вялікай радасцю штогод чакаю гэты фестываль і вельмі ўдзячны ўсім удзельнікам і тым, хто прыехаў у Мёры!» Сярод прысутных гасцей быў таксама і кс. Аляксандр Рагіня, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Казахстане.

Фестываль прыносіць шмат радасці як удзельнікам, так і слухачам гэтых цудоўных спеваў і танцаў. Як адзначылі вядучыя, за дванаццаць гадоў існавання фестывалю тут прагучала больш за 200 песень, большасць з якіх — аўтарскія.

Пасля абеду гледачоў і ўдзельнікаў парадаваў канцэрт беларускага спевака Алеся Камоцкага.

І вядома, самай эмацыйнай часткай праграмы стала ўручэнне дыпломаў і аб’яўлення вынікаў. Журы ацэньвала ўдзельнікаў у некалькіх намінацыях: гурты, дуэты, сола, інструментальнае выкананне.

Пераможцы і ўсе ўдзельнікі атрымалі падарункі. На заканчэнне кс. Кшыштаф Мянкіна скіраваў словы ўдзячнасці ўсім удзельнікам за тое, што стварылі такую святочную атмасферу.

А пакуль Віцебская дыяцэзія працягвае адзначаць Калядны перыяд. 5 студзеня ў Віцебску збяруцца маладыя таленты, каб прадставіць на суд журы свае акцёрскія здольнасці. Гэта будзе ўжо конкурс батлеек.

(SZh)

 

 
© 2003-2024 Catholic.by