Любоў, якая перамагае смерць. 70 гадоў мінула з дня гібелі росіцкіх мучанікаў | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
18.02.2013 12:41

16 лютага шматлікія вернікі, святары і законныя сёстры сабраліся ў Росіцы, каб ушанаваць сямідзясятую гадавіну пакутніцкай смерці благаслаўлёных святароў-марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, якія загінулі разам са сваёй паствай у страшэнным полымі нялюдскай нянавісці.

Чарговы ўспамін смерці пакутнікаў росіцкай зямлі

«Мы  ізноў сустракаемся ў Росіцы на супольнай малітве і дзякуем Пану Богу за гэта... Семдзясят гадоў аддаляе нас ад той жахлівай падзеі, калі ў лютым на гэтай бетоннай падлозе нашыя браты і сёстры рыхтаваліся на пакутніцкую смерць, да сустрэчы з Айцом Нябесным», — звярнуўся на пачатку святой Імшы да прысутных а. Чэслаў Курэчка MIC, апякун месца пакутніцкай гібелі благаслаўлёных.

«На пачатку Вялікага посту ў духу малітвы і пакаяння мы прагнем быць у гэтым святым месцы, каб маліцца за ўсіх загінуўшых і нявінна закатаваных на нашай зямлі. Углядаючыся ў галоўны алтар, звяртаемся ў малітвах да благаслаўлёных заступнікаў нашых айцоў Юрыя і Антонія, якія прайшлі гэты зямны шлях і ведалі  яго смак. Просім ласку мужнасці, каб мы не стаміліся ў жыццёвай дарозе, а сэрца нашае было поўнае дабрыні і любові да Бога і чалавека. Каб Бог выслухаў вашыя малітвы, каб асушыў вашыя слёзы, загаіў раны вашага сэрца, каб вы адчулі Ягоную любоў і прабачэнне», — адзначыў айцец Курэчка перад тым, як запрасіць узначаліць святую Імшу Генеральнага вікарыя Віцебскай дыяцэзіі кс. Францішка Кіселя.

У гаміліі а. Андрэй Сідарэвіч MIC назваў «дзіўнай таямніцай» тое, што «Касцёл такой пашанай атачае пакутніцтва». «Касцёл з пашанай абараняе жыццё, гэтую каштоўнасць, ад моманту зачацця, — працягваў святар. — І гэтай каштоўнасці, якую мы абараняем, благаслаўлёныя пазбыліся. Яны абралі іншы шлях — гэтае жыццё аддаць. ...У гэтым яны з’яўляюцца для нас вялікім прыкладам сёння, калі ў нас няма такога пераследу, каб мы былі вымушаны аддаваць жыццё фізічнае. Гэта вялікі заклік да таго, каб быць верным Богу».

Айцец Сідарэвіч падкрэсліў, што прыкладам вернасці Хрысту ў штодзённых выбарах з’яўляецца для нас папа Бэнэдыкт XVI. Свет па-рознаму каментуе яго выбар. Адны кажуць, што гэта правільнае рашэнне — Папа ўсю сітуацыю даверыў Богу. Шмат і такіх, хто крытыкуе выбар Папы. «Але ён быў крытыкаваны і раней і цярпеў такі пераслед у свеце, бо там, дзе адстойваў Евангелле, часта чуліся крытычныя галасы. І цяпер у нашых сэрцах нараджаецца неспакой. Думаю, варта замяніць яго на пачуццё гонару за нашага Папу — вернага Богу», — дадаў кс. Сідарэвіч, нагадаўшы, што падчас Вялікага посту кожны павінен запытаць і ў сябе: у чым я Богу верны, у чым, можа, гэтая вернасць праяўляецца  гадамі — у цярпенні, пераследзе, выпрабаваннях. Святар заклікаў таксама ўзгадаць моманты нявернасці, «дзе адступіліся ад Бога, здрадзілі Яму, дзе нас зламаў грэх, спакуса, нейкія акалічнасці», і папрасіць Бога: «Надзялі мяне вялікай ласкай Тваёй прысутнасці, як Ты надзяліў благаслаўлёных святароў Юрыя і Антонія, каб я ў маіх змаганнях, маім штодзённым пакутніцтве, можа, простым, можа, банальным быў Табе верным».

Традыцыйна на росіцкія ўрачыстасці прыязджаюць айцы марыяне, дыяцэзіяльныя святары, прадстаўнікі грэка-каталіцкага духавенства. Як і заўсёды, Росіцу наведалі сёстры эўхарысткі на чале з правінцыяльнай маці сястрой Зоф’яй Грыгатовіч. Для іх, як і для марыянаў, Росіца мае асаблівае значэнне. У гады вайны тут, на гэтай тэрыторыі, сваю паслугу неслі, дапамагаючы айцам марыянам, і сёстры эўхарысткі. Яны ж служылі людзям, зачыненым у росіцкім касцёле ў тыя жахлівыя лютаўскія дні. І вялікі боль для сясцёр эўхарыстак — тыя мясцовыя дзяўчаты, якія адчулі заклік ісці за Хрыстом ды не паспелі ўступіць ў кангрэгацыю, бо загінулі тады, як і большасць мясцовых жыхароў. Заўсёды прыязджаюць на зімовыя ўрачыстасці ў Росіцу сёстры змёртвыхпаўстанкі з Наваполацка.

Пасля Імшы, якая скончылася ўрачыстым спевам «Магутны Божа», адбылася працэсія на месца пакутніцкай гібелі благаслаўлёных і іх паствы.

Штогод працэсія ідзе тым самым шляхам, якім ішлі асуджаныя на смерць у тыя жахлівыя лютаўскія дні. Трапяткія агенчыкі знічоў, якія традыцыйна нясуць пілігрымы, як знак надзеі, адзінай, якая заставалася тады ў ахвяраў трагедыі. Таксама словы «...будзь воля Твая...», прамоўленыя сотняй вуснаў каля крыжа на месцы пакутніцкай гібелі, набываюць тут асаблівы сэнс.

Людзі са слязьмі на вачах цалавалі вялізны крыж, многія кленчылі проста на снезе, разумеючы, што ў параўнанні з ахвярай тых нявінных пакутнікаў гэтая ахвяра проста мізэрная. На месцах, шчодра палітых крывёю хрысціянскіх пакутнікаў, як нагадаў а. Вячаслаў Пялінак MIC, Бог асаблівым чынам выслухоўвае малітвы, і таму тут можна даверыць Яму свае самыя хвалюючыя і балючыя просьбы.


«Усе стаіць і стаіць у мяне перад вачыма, нібы ўчора гэта было…»

Напэўна, падчас Імшы нямногія звярнулі ўвагу на маленькую жанчыну ў блакітнай хустцы, якая плакала падчас прывітальнай прамовы айца Курэчкі. Гэта была адзіная прысутная у касцёле сведка росіцкай трагедыі.

Валянціна Баляславаўна Марцінкевіч, Валя Маслоўская, якой у лютым 1943 года было дзевяць гадоў, успамінае: «Мы тады жылі ў вёсцы Клагішы, за Ворзава... Пры нас гарэлі Крывасельцы, Бандзелі, Межалы. Але калі палілі Росіцу, у нас усё было чутно і бачна. Такое полымя ахапіла гэты сарай, дзе палілі жыўцом людзей! Дзеткі малыя плакалі, маці крычалі крыкам. Чуліся і стрэлы. Мой дзядзька казаў, што трэба пакідаць гэтую веску, бо тады ўжо засталася толькі наша вёска і яшчэ там далей адна. Мы і сабраліся адыходзіць у лес, у Латвію. Некаторыя засталіся, бо былі старыя і нямоглыя, а іхнія дзеці бацькоў таксама не пакідалі. Але мы паспелі падысці толькі да рэчкі, там была вёска Гейжанава, як убачылі калоны ў белых маскхалатах. З сабакамі, нават танкі ззаду шлі. Яны нас абкружылі, сабралі і пагналі ў вёску Кулакова. Загналі нас у вялікі дом. Потым прыйшоў немец з перакладчыкам, які загадаў выходзіць па два чалавекі, „на допыт“. Але як хто ні пойдзе, ніхто не вяртаўся. Вечарам, амаль на захадзе, прыйшлі і па нас. Бачым, мужчын заганяюць у сарай, а жанчын з дзецьмі — у школу. Я якраз у тую школу ў першы клас хадзіла. У школе было поўна народу. Нас пасадзілі, мы і сядзелі на падлозе. Потым зноў прыйшоў немец з перакладчыкам, аб нечым доўга гаварылі і, нарэшце, паказалі на нашыя тры сям’і і загадалі выходзіць. Выйшлі мы з мамай і сястрой, майго дзядзькі жонка з дзіцём і наша суседка з двума дачкамі. Пасадзілі нас на сані. Мы ад’ехалі можа метраў з дваццаць, як успыхнула школа. Потым застрачылі кулямёты. Мы закрычэлі, заплакалі голасна. Да нас падскочыў паліцай з плёткай і закрычаў, што калі мы не супакоімся, то таксама апынемся у тым полымі. Але мы ўсю дарогу плакалі, толькі ціха, каб не было чутна. Ехалі мы ноччу — а гарыць гэтае Кулакова, гэтая школа, сарай, у які сагналі мужчын. І неба навокал чыровонае. І снег таксама чырвоны, гэта водбліскі такія былі. А нас прывезлі ў Бігосава, пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі ў Саласпілс... Як надыходзяць гэтыя лютаўскія дні, я ўспамінаю і малюся за тых, хто загінуў тады. І зусім не магу тады спаць. Усе стаіць і стаіць у мяне перад вачыма, нібы ўчора гэта было. Вось і сённяшнюю ноч амаль не спала», — плача жанчына.


«Седзячы тыя двое сутак у халодным касцёле, галодная, усё думала пра тое, што вельмі хочацца выжыць…»

На вакне у хаце Юліі Бабок стаіць металічны аплаўлены крыж. Ён як сімвал той росіцкай трагедыі і адначасова яе лёсу. Крыж гэты спадарыня Юлія купіла ў латвійскай вёсцы Пустыннікі ўжо пасля вайны. Тады прыйшлося абжывацца занава. Другі пажар яна перажыла ўжо ў мірны час. У адзін дзень хата сям’і Бабок згарэла, але і тады яе Пан Бог выратаваў, як і ў гады вайны. З тае маёмасці, што не ўратавалі тады з агню, толькі гэты крыж спадарыня Юлія і знайшла на папялішчы. «Мой крыжычак», — кажа яна, прыціскаючы яго да грудзей...

Падзеі 16 лютага 1943 года Юлія Бабок, тады яшчэ Юля Ракіцкая, памятае і дагэтуль. Такое не забываецца. Успамінае, як яе старэйшы брат Віктар, які быў на той час у партызанах, угаворваў маці сысці у багну, каб выратавацца перад той пагрозай. Жылі яны тады ў вёсцы Леснікова, якраз за Сар’яй. Бацькі ў сям’і ўжо не было. Перад вайной ён быў высланы ў Сібір, дзе і загінуў. Аднак жанчына адмовілася: «Куды ж я пайду на той снег з трыма дзецьмі?» «Сядзелі мы ў хаце, і раптам наляцелі... Выгналі нас на снег паўраспранутых і пагналі якраз тым трактам, якім мы хадзілі ў росіцкі касцёл. Перад Сар’яй у в. Хаміно босымі нагамі гналі нас уброд праз рэчку. У в. Абухава пачалі сарціроўку. Каго направа, каго ўлева. Проста на вачах у пазасталых людзей, літаральна ў некалькіх кроках, спалілі групу з малымі дзецьмі. Мой маленькі брацік Алік, якому было чатыры годзікі, пачаў плакаць, бо хацеў дадому, быў галодны. Жанчынам дазволілі раскапаць бульбу ў бурце і напячы яе для дзяцей. У гэтай вёсцы мы і заначавалі. Раніцай нас прыгналі ў росіцкі касцёл, у якім ужо было шмат людзей». У тым касцёле Юля разам з маці і брацікамі правяла двое сутак. «У мяне ножкі былі мокрыя. Холадна было, дзеці плачуць. Злева ад алтара быў абраз Маці Божай, дык людзі там усё галасілі ды маліліся». Юля ж тады апошні раз паспавядалася ксяндзу Антонію, які раней прымаў у яе першую споведзь і ўдзяліў ёй Першую святую Камунію. Успамінае, як пасля тае споведзі ў настылым касцёле ксёндз Антоній пагладзіў яе па галоўцы.

Мне міжволі ўзгадваецца, што, апавядаючы аб тых падзеях, спадарыня Юлія падкрэслівала, што яна была высокай дзяўчынкай і «вялікай». Што ж, па тагачасных мерках дванаццацігадовая дзяўчынка маленькай не лічылася, выконвала шмат працы ў хаце. Толькі вось благаслаўлёны ксёндз Антоній бачыў, што дзяўчынка тая, якая дрыжэла тады ад холаду, была зусім яшчэ дзіцём. Ці ён прадчуваў, праз што прыйдзецца прайсці Юлі?

Яшчэ адзін яе ўспамін з тых падзеяў — як людзі прымалі Камунію ў касцёле. Пэўна, святара ў касцёле тады не было, і людзі бралі яе самі. Частка камунікантаў упала тады на брудную падлогу, з якой людзі таксама падбіралі камуніканты ды прымалі. Прыняла тады Хрыста і Юля. «Можа, мяне Бог і выратаваў, што святую Камунію тады прыняла?» — разважае яна. А яшчэ ўспамінае, як, седзячы тыя двое сутак у халодным касцёле, галодная, усё думала пра тое, што ёй вельмі хочацца выжыць. «Усё думалася: Толькі б на волю! — кажа яна. — За той час было праведзена некалькі сарціровак людей. Першым са святароў загінуў кс. Юрый, а мы засталіся з кс. Антоніем».

Нарэшце, падышла чарга і той групы, дзе была Юля. Першым лагерам быў Саласпілс, потым Майданэк, Равенсбрук, дзе яе разлучылі з маці, ваенны завод у Лейпцыгу. Там жа яна і дачакалася канца вайны. Ёй пашанцавала, яна выжыла ў тым зямным пекле, каб вярнуцца сюды, у родныя мясціны. Сёння Юліі Бабок ужо за восемдзесят, здароўе ўжо не дазваляе прыязджаць у касцёл. Але вялікая радасць — святары самі да яе прыязджаюць. Не было магчымасці ў спадарыні Юліі трапіць на росіцкія ўрачыстасці і 16 лютага. Кажа, што палову дня праплакала, зноў перажываючы тую трагедыю...

Іх усё менш і менш, сведкаў тых балючых ды жахлівых падзей лютага 1943 года.


«На месцы вогнішча… знаходзіліся астанкі чалавека — абгарэлы шкілет, і побач — рука ад локця, не кранутая агнём, а ў той руцэ быў заціснуты ружанец»

Падчас набажэнства, стоячы ў вялікім натоўпе пілігрымаў, мне ўспомніўся аповед Ірыны Жарнасек, аўтара кнігі аб росіцкай трагеды «Будзь воля Твая». Па дарозе ў Росіцу яна расказала полацкім ды наваполацкім пілігрымам аб падзеях лютага 1943 года, таксама прыгадала адзін асаблівы ўспамін святой памяці сястры эўхарысткі Ядвігі Віршуты. Праз два тыдні пасля трагедыі некалькі сясцёр эўхарыстак прыехалі ў Росіцу, каб паспрабаваць знайсці астанкі ксяндза Антонія. Сястра Ядвіга ўспамінала, што тады навокал было шмат снегу, а вось уся Росіца была чорная. На месцы вогнішча яна ўбачыла тое, што не дало тады ёй згубіць розум ды веру. Сярод іншых знаходзіліся астанкі чалавека — абгарэлы шкілет, і побач — рука ад локця, не кранутая агнём, а ў той руцэ быў заціснуты ружанец! І яна зразумела, што Пан Бог прыняў тую ахвяру! А праз некалькі дзесяцігоддзяў, напрыканцы васьмідзясятых, на гэтым месцы, парослым быльнягом, айцец марыянін Антоні Лось (старэйшы) першы раз справаваў святую Імшу. Разам з ім былі толькі сястра Ядвіга Віршута ды шафёр...

Цяпер жа з кожным годам павялічваецца колькасць пілігрымаў, якія прыязджаюць сюды, каб памаліцца на гэтым святым месцы. Вось і ў гэтым годзе ў Росіцу прыехала як ніколі шмат пілігрымаў з розных куткоў Беларусі. Але апошнім часам назіраецца яшчэ адна тэндэнцыя — усё большая колькасць пілігрымаў не чакае, пакуль у іх парафіі пілігрымку арганізуюць святар ці сёстры законныя, а самі вырашаюць, што паедуць у Росіцу і самастойна арганізоўваюць выезд.

Прыязджаюць у Росіцу не толькі католікі, але і праваслаўныя. Міхаіл Абрамаў з Браслава наведвае росіцкія ўрачыстасці ўжо не першы раз. Ягоная жонка каталічка, і ўжо некалькі гадоў запар яна ідзе ў пілігрымцы ў Росіцу летам. На пытанне, што прыводзіць яго сюды, скупа, па-мужчынску адказвае: «Заклік сэрца».

І становіцца зразумелым сэнс словаў з ліста адной жанчыны, напісанага пасля адной з пілігрымак, урывак з якога зачытаў у касцёле айцец Чэслаў: «Пасля вяртання дамоў я доўга яшчэ жыву Росіцай...»

Кацярына Лаўрыненка

 
© 2003-2024 Catholic.by