Беларускі «Карытас» створыць валанцёрскі рух | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
06.05.2013 11:55

У 2013 годзе дабрачыннае таварыства «Карытас» распачало  нацыянальны праект для Беларусі «Валанцёры», мэта якога — сабраць і падрыхтаваць тых, хто хоча бескарысліва служыць іншым.

Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас», заснаванае на прынцыпе практычнай рэалізацыі каталіцкага сацыяльнага служэння, мае сваю больш чым 100-гадовую гісторыю, традыцыю і існуе амаль у 200 краінах свету.

Праца арганізацыі, якая вельмі часта здзяйсняецца на валанцёрскіх пачатках, накіравана на розныя сацыяльныя групы — дзяцей, моладзь, самотных і бедных асоб, шматдзетныя сем’і, хворых і інвалідаў.

Дадзены праект распрацаваны на некалькі гадоў, на працягу якіх  будуць праведзены адпаведныя адукацыйныя мерапрыемствы: спачатку ад дыяцэзій будуць сфармаваны лідары груп, якія пройдуць належную падрыхтоўку, а пасля будуць на месцах дзяліцца ведамі і вопытам з іншымі, фармуючы групы на месцах і такім чынам пашыраючы колькасць валанцёраў. Дарэчы, кожны, хто жадае стаць валанцёрам, можа выбраць адпаведную сацыяльную групу і род заняткаў па душы.

Для ўдзельнікаў праекту распрацаваны шэраг цікавых і карысных мерапрыемстваў: трэнінгі, канферэнцыі па асаблівасцях і спецыфіцы валанцёрскага служэння, сустрэчы па абмене вопытам, рэкалекцыі і розныя іншыя святочныя нагоды для спатканняў.

Тых, хто мае адкрытае сэрца і трохі вольнага часу, а самае галоўнае  — жаданне дапамагаць бліжнім і быць сучасным апосталам, несучы праз  дабрачыннасць Хрыста іншым — адным словам стаць нашым валанцёрам, «Карытас» сардэчна запрашае.

Больш падрабязная інфармацыя пра наступныя наборы будзе пададзена пазней, у тым ліку на сайце таварыства www.caritas.by.

Ганна Страшкевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by