Апостальскі Нунцый абвясціў у Віцебску аб прызначэнні новага біскупа Віцебскай дыяцэзіі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
29.11.2013 16:27 |
29 лістапада ў катэдры Езуса Міласэрнага ў Віцебску Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці абвясціў аб прызначэнні новага біскупа Віцебскай дыяцэзіі — кс. Алега Буткевіча, які ў дадзены момант выконвае абавязкі пробашча парафіі Св. Антонія Падуанскага і дэкана дэканату Віцебск-паўночны.
У віцебскай катэдры на абвяшчэнні гэтай навіны сабралося духавенства, кансэкраваныя асобы, каталіцкія і свецкія СМІ.
Сустрэча пачалася малітвай. Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі кс. прэлат Францішак Кісель прывітаў Апостальскага Нунцыя і ўсіх гасцей.
Апостальскі Нунцый, абвясціўшы аб прызначэнні, выказаў віншаванні і пажаданні біскупу намінату Алегу Буткевічу і заахвоціў маліцца за новага біскупа, супрацоўнічаць з ім у справе будаўніцтва Касцёла ў Беларусі. Паведамленне аб новых прызначэннях было зроблена прэс-службай Святога Пасаду
29 лістапада 2013 г. у 12.00 паводле рымскага часу (14.00 паводле
беларускага часу) і адначасова абвешчана ў адпаведных дыяцэзіях
Беларусі.
Біскупская сакра будзе ўдзелена біскупу намінату Алегу Буткевічу 18 студзеня ў віцебскай катэдры ў 12 гадзін.
Вернікі і ўвесь Касцёл радуюцца, што Віцебская дыяцэзія зноў мае свайго пастыра, і жадае яму плённай працы на віцебскай зямлі, паведамляе catholicnews.by. (AG)
Фота catholicnews.by
|