Параф'янаўскія католікі ўсталявалі новы крыж | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
19.05.2014 13:32

У мястэчку Станцыя Параф’янавa (Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) 16 мая каталіцкія вернікі ўсталявалі новы крыж. Ён стаіць на галоўнай вуліцы, на месцы старога, які спарахнеў.

Крыж складае пяць метраў у вышыню, на метр у зямлю ўкапана жалезная апора. Калі ставілі, крыж зачапілі лейцамі і паднялі лясным кранам, апусцілі ў яму і замацавалі каменнем і бетонам.

Каб прыбраць стары крыж і паставіць новы, працавалі пятнаццаць чалавек. Плануецца падвезці зямлі і пасадзіць вакол кветкі. Святар асвеціць крыж і будзе цэлебраваць пад крыжам Імшу.

Летась у вёсках, што належаць да параф’янаўскай парафіі, паставілі некалькі новых крыжоў, бо старыя, якія стаўлялі ў першыя гады незалежнасці, ужо спарахнелі. Ксёндз Раман Мурзіч, параф'янаўскі пробашч, таксама ўзяўся парадкаваць местачковыя і вясковыя могілкі.

Новы крыж збіраюцца ставіць у Параф’янаве і праваслаўныя, стары прыбралі некалькі тыдняў таму. Багата дзе ў Гродзенскай вобласці праваслаўныя і католікі ставяць свае крыжы побач, абгароджваюць супольным плотам.

 


 

Тэкст і фота Кастуся Шыталя, паводле westki.info

 
© 2003-2025 Catholic.by