31 жніўня віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч наведаў Друйск — вёску, што знаходзіцца за 15 км ад Друі. Для біскупа гэта быў першы візіт у гэтую вёску.
Усе католікі вёскі выйшлі сустракаць біскупа на дарогу, а затым разам з іерархам прайшлі да хаты, дзе біскуп узначаліў св. Імшу. «Мы павінны мець тое месца, дзе будзем клапаціцца пра наш дух», — адзначыў біскуп, вітаючы католікаў вёскі і выказваючы падзяку кс. Сяргею Сурыновічу за яго клопат пра мясцовых вернікаў. Ксёндз Сяргей Сурыновіч звярнуў увагу на тое, што, хоць католікаў у Друйску і не вельмі многа, але вёска мае сваё пакліканне — прысутная сярод гасцей сястра Лілія Дарожка SJE паходзіць менавіта адсюль, у вёсцы маюцца міністранты і можна спадзявацца таксама на новыя пакліканні.
У гаміліі біскуп гаварыў аб значэнні веры ў жыцці хрысціяніна: «Ці сапраўды я веру так, як гэтага чакае ад мяне Пан Бог?» і нагадаў, што часта бывае, што людзі адварочваюцца ад Бога, калі Ён не дае ім тое, чаго яны жадаюць. «Вось тут правяраецца наша вера», — адзначыў іерарх і заклікаў памятаць, што людзі, задаючы сабе пытанне ў цярпеннях ці цяжкіх сітуацыях, куды глядзіць Бог, павінны памятаць, што «Бог не глядзіць куды, а адкуль — Ён глядзіць на ўсё гэта з крыжа».
Біскупа вельмі ўзрадавала і ён гэта адзначыў, што сярод вернікаў на св. Імшы было шмат мужчын, бо касцёлы пераважна наведваюць жанчыны. Ён нагадаў, што ў нашым грамадстве існуе праблема аўтарытэту бацькі і мужа, а многія мужчыны злоўжываюць алкаголем, бо адчуваюць сябе недаацэненымі. Біскуп заклікаў мужчын памятаць, што «малітва — гэта не толькі жаночая справа».
«Калі мужчына жыве з Богам, моліцца — тады ўсё ўкладаецца адпаведным чынам. Першае заданне для мужчыны — шукаць Божага Валадарства, быць перад Богам, а ўсе астатнія будуць прытрымлівацца гэтага прыкладу». Напрыканцы біскуп пажадаў мужчынам, «каб ніякая сіла іх не выгнала з касцёлаў і праз гэта яны б будавалі свой непахісны аўтарытэт як у сям’і, так і ў грамадстве».
Кацярына Лаўрыненка
|