Слова Жыцця на студзень 2017 | Друк |
03.01.2017 15:54

«Бо любоў Хрыста ахапіла нас» (пар. 2 Кар 5, 14–20).

Прэзентацыя >>>

«Учора я пайшла з мамай і яе сяброўкай на абед. Замовiла сабе на дадатак дэсерт, які мне вельмі падабаецца, каб потым з'есці. Але мама сказала: не! Я ўжо пачала крыўдаваць, але раптам зразумела, што якраз у маме ёсць Езус, і ўсміхнулася».

«Сёння пасля цяжкага працоўнага дня я вярнуўся дадому. Калi глядзеў тэлевізар, мой брат вырваў у мяне з рук пульт. Я вельмі знерваваўся, але праз момант супакоіўся і дазволіў яму даглядзець праграму, якую ён выбраў».

«Сёння, калі бацька размаўляў са мною, я дзёрзка яму адказваў. Зірнуўшы на яго, я ўбачыў, што яму крыўдна. Я папрасіў у яго прабачэння, і ён мне прабачыў».

Гэта некалькi досведаў са Словаў Жыцця, расказаных дзецьмi пятага класа пачатковай школы ў Рыме. Магчыма, тут не відаць непасрэднай сувязi апісаных перажыванняў са зместам Божага слова, але яны з'яўляюцца плёнам жыцця Евангеллем. Кожнае слова з’яўляецца заклікам да любові. Кожнае слова, якое мы хочам рэалізаваць у жыццi, заўсёды будзе выклiкаць тыя ж эфекты: слова будзе змяняць нашае жыццё, будзе запальваць іскру ў сэрцы і натхняць на тое, каб быць уважлівымі да патрэбаў іншых, яно будзе арганiзоўваць нашае служэнне братам і сёстрам. А інакш і быць не можа, бо прыняцце Божага слова i жыццё iм нараджае ў нас Езуса і заахвочвае да таго, каб жыць, як Ён. Гэта дазваляе нам зразумець словы св. Паўла, скiраваныя да Карынцянаў.

Менавіта глыбокі досвед жыцця з Езусам натхніў апостала Паўла на тое, каб ісці абвяшчаць Евангелле і будаваць адзінства ў супольнасцях, якiя ён заснаваў. Павел адчуваў, што Езус яго любіць i збавiць; што Ён пранiкае ў яго жыццё да такой ступенi, што ніхто і нішто не можа адлучыць Яго, што гэта ўжо не Павел жыве, а жыве ў ім Езус. Усведамленне таго, што Бог так палюбіў нас, што аддаў сваё жыццё, да шаленства здзіўляла Паўла, не давала яму спакою і з непераадольнай сілай прымушала яго любіць гэтаксама, так жа моцна.

Ці кіруе i намi любоў Хрыста з такой жа моцай?

Калі мы сапраўды зведалі Яго любоў, то не зможам не адказаць узаемнасцю. Мы павінны з адвагаю ўвайсцi туды, дзе ёсць падзелы, канфлікты, нянавісць, каб прынесці згоду, спакой, адзінства. Любоў дазваляе ўзняць сэрца па-над перашкодамi дзеля таго, каб увайсцi ў непасрэдны кантакт з людзьмі, пастарацца іх зразумець, увайсці ў іх становішча, каб сумесна шукаць выйсце. I гаворка ідзе не пра нейкую выключную акцыю. Да адзінства варта імкнуцца любой цаной, каб не змаглi нас паралізаваць альбо заблакаваць анi ілжывая разважлівасць, анi страх чакання цяжкасцяў або процідзеяння.

Гэта важна і натхняльна асабліва ў галіне экуменізму. Таму гэтае слова i было выбрана на студзень, бо на гэты месяц прыпадае Тыдзень малітвы за адзінства хрысціянаў. А хрысціяне, якія належаць да розных Цэркваў, павінны жыць так, каб любоў Хрыста натхняла іх ісці насустрач адно аднаму дзеля таго, каб аднавіць страчанае адзінства.

23 чэрвеня 1997 года на адкрыцці Другога экуменiчнага форуму Еўропы ў Грацы (Аўстрыя) К’яра Любіч сказала: «Сапраўдны хрысціянін, які насамрэч удзельнiчае ў прымірэнні, — гэта той, хто ўмее любіць блiжнiх любоўю самога Бога, любоўю, якая бачыць Езуса ў кожным, якая скiравана да ўсіх, бо Езус памёр за ўвесь чалавечы род; любоўю, якая заўсёды бярэ на сябе ініцыятыву, якая любіць першаю; тою любоўю, якая любіць кожнага, як самога сябе, якая яднаецца з братамі і сёстрамі ў цярпеннях і ў радасцях. Трэба, каб i Цэрквы любiлi адна адну той жа любоўю».

Будзем жа i мы жыць гэтым радыкалізмам любові са шчырасцю гэтых дзяцей з рымскай школы.

А. Фабія К’ярдзі ОМІ

 
© 2003-2022 Catholic.by