Слова Жыцця на май 2017 | Друк |
03.05.2017 10:07

«I вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Mц 28, 20)

У канцы свайго Евангелля св. Мацвей апавядае пра апошнія падзеі зямнога жыцця Езуса, якiя папярэднiчалi Яго ўваскрасенню і выкананню місіі. Яго місія з’яўляецца аб'яўленнем аднаўляючай Божай любові да ўсяго стварэння і адкрыццём нанова ў гiсторыi чалавецтва шляху братэрства. Для евангеліста Мацвея Езус — гэта «Бог з намі», Эмануэль, абяцаны праз прарокаў i чаканы народам Ізраэля.

Перад тым, як вярнуцца да Айца, Езус збірае вучняў, тых, з кім найбліжэй супрацоўнічаў у сваёй місіі, і перадае ім сваю справу, каб яны працягвалi яе.

...Складаная мiсiя. Але Езус запэўнівае: не пакіну вас адных! Больш за тое, абяцае, што будзе з імі кожны дзень, каб падтрымліваць, натхняць, дадаваць адвагі «аж да сканчэння веку».

Дзякуючы Ягонай дапамозе мы станем сведкамi сустрэчы з Ім, сведкамi Яго словаў, жэстаў, Яго дабрынi і міласэрнасцi да ўсіх, каб многія змаглі сустрэцца з Iм, і разам стварыць новы народ Божы, які жыве па запаведзi любові.

...Мы можам сказаць, што радасцю Бога з’яўляецца быццё са мной, з табой, з намі да канца нашай асабістай гісторыі і гісторыі чалавецтва. Але ці так гэта? Ці сапраўды мы можам сустрэцца з Iм?

...Ён «стаiць за паваротам, прысутнiчае побач са мною, побач з табою. Ён укрыты ў бедным, у пагарджаным, у кiмсьцi малым, хворым, у тым, хто просіць дапамогi, хто пазбаўлены волі. Ёсць у кімсьцi адкiнутым... Ён сказаў: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці... (пар. Мц 25, 35) ...Будзем вучыцца адкрываць Яго там, дзе Ён ёсць» (пар. К. Любіч, Слова жыцця, VI.1982).

...А Ён ёсць у сваім слове, якое ўцелаўлёна ў жыццё, Ён аднаўляе нашае існаванне; прысутнічае ў Эўхарыстыі — у кожным месцы на зямлі, дзейнiчае таксама праз сваіх святароў, якія служаць Ягонаму народу. Ён прысутнічае там, дзе мы ствараем вакол нас згоду (Мц 18, 20), дзе нашая малітва да Айца найбольш плённая, дзе мы знаходзім святло для нашых штодзённых выбараў.

«Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» — колькі ж надзеi прыносіць нам гэтае абяцанне, якое дадае мужнасцi, каб шукаць Яго на нашым шляху. Адкрыем жа нашыя сэрцы і рукі, каб прыняць Яго і раздзяліць з Iм лёс — мы асабіста і як супольнасць: у сем'ях і ў касцёлах, на працы і ў святы, у свецкіх і рэлігійных аб'яднаннях. Мы сустрэнем Езуса, і Ён будзе здзіўляць нас радасцю і святлом, знакамі сваёй прысутнасці.

...Калі мы будзем уставаць кожную раніцу з думкай: «Сёння я прагну адкрыць, дзе Пан Бог хоча мяне сустрэць!» — то зможам адкрыць радасць нават у складаных сітуацыях, падобных да прыведзенай ніжэй.

«Мая свякроў захаплялася сваiм сынам ажно да рэўнасцi. Гэтае стаўленне заўсёды стварала паміж намі праблемы. Год таму ў яе быў дыягназаваны рак. Узнiкла патрэба ў лячэнні і даглядзе, што яе адзіная дачка не магла забяспечыць. У гэты перыяд я прыняла запрашэнне сяброўкі ўдзельнічаць у Maрыапалi, дзе адкрыццё Бога-Любові змяніла маё жыццё. Першым наступствам гэтага адкрыцця стала рашэнне: пераадолець усялякую боязь i прыняць маю свякроў у доме. Святло, якое гарэла ў маім сэрцы падчас гэтай сустрэчы, дазволіла мне зірнуць на яе новымі вачыма. Цяпер я ведала, што ў ёй я апякуюся самiм Езусам, лячу менавіта Яго. І яна не была абыякавая да гэтай любові, але, на маё здзіўленне, адказвала ўзаемнай любоўю на кожны жэст. Прайшлi месяцы ахвяры, якія не былi цяжарам для мяне, і калі мая свякроў лагодна адышла да неба, то пакінула ва ўсiх адчуванне супакою. У тыя дні я зразумела, што чакаю дзіця, якога мы з мужам хацелi мець на працягу дзевяці гадоў! Гэтае дзіця сталася для нас адчувальным знакам любові Бога» (з кнігі «Кветкі К'яры Любіч і Руху Факаляраў», с. 47- 48).

Летыцыя Магры

 
© 2003-2022 Catholic.by