Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
02.06.2017 08:48

Сцягі Польшчы, Беларусі, Чэхіі і Танзаніі ўпрыгожвалі Малую Базыліку Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Тшэбіні. 27 мая чатыры сальватарынскія семінарысты, якія паходзяць з вышэйзгаданых краін, у тым ліку Яўгеній Жукоўскі з Браслаўшчыны, прынялі дыяканскае пасвячэнне з рук дапаможнага біскупа Катавіцкай архідыяцэзіі Марка Шкудла.

Ва ўрачыстасці, як паведамляе waladarka.by, таксама прымалі ўдзел настаяцель правінцыі ксёндз Пётр Філяс са сваёй радай, рэктар сальватарыянскай духоўнай семінарыі ў Багне ксёндз Юрый Мадэра з выкладчыкамі і семінарыйнай супольнасцю, бацькі, сваякі і сябры новых дыяканаў.

Яўген Жукоўскі паходзіць з в. Шаўры Браслаўскага раёна. У 2011 годзе паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю сальватарыянаў у Багне (Польшча).

Таварыства Боскага Збаўцы (сальватарыяне) — гэта манаская супольнасць, пакліканне якой — абвяшчаць людзям, што Езус Хрыстус з’яўляецца адзіным Збаўцам. У Касцёле гэтая супольнасць існуе з 1881 г.

На сёння прадстаўнікі Таварыства Боскага Збаўцы нясуць служэнне прыкладна ў 30 краінах Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Азіі.

У Беларусь першыя сальватарыяне прыехалі ў 1990 г. Цяпер душпастырскай апекай сальватарыянаў ахоплены 4 парафіі Віцебскай дыяцэзіі, якія дзейнічаюць у Браславе, Урбанах, Слабодцы і Віцебску.

(VGr)
Фота Аляксея Жылевіча

 
© 2003-2024 Catholic.by