Пасланне Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу да будыстаў: супрацоўнічаць у служэнні чалавецтву | Друк |
Дзяржава Ватыкан
17.05.2010 17:31

У Апостальскай Сталіцы апублікавана пасланне з нагоды найважнейшага будысцкага свята — Весак. Папская рада па міжрэлігійным дыялогу ў пасланні заахвочвае будыстаў да супрацоўніцтва ў галіне абароны чалавечага жыцця і аховы навакольнага асяроддзя. Пасланне пад назвай «Хрысціяне і будысты шануюць чалавечае жыццё як аснову пашаны ўсяго жывога» падпісалі старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран і сакратар ведамства арцыбіскуп П’ер Луіджы Чэлата.

Прадстаўнікі Папскай рады павіншавалі будыстаў усяго свету са святам Весак, склаўшы шчырыя пажаданні міру і радасці. «Няхай гэта пасланне паспрыяе ўмацаванню нашых сувязяў прыязні і супрацоўніцтва ў служэнні чалавецтву», — гаворыцца ў пасланні.

Будысцкім вернікам прапаноўваецца паразважаць над тэмай, якая мае сёння важнае значэнне, а менавіта над экалагічным крызісам, які «ўжо выклікаў значныя цяжкасці і цярпенні ва ўсім свеце». «Высілкі абедзвюх нашых супольнасцяў і ўдзел у міжрэлігійным дыялогу вядуць да новага ўсведамлення грамадскага і духоўнага значэння нашых рэлігійных традыцый у гэтай галіне, — гаворыцца ў дакуменце. — Варта прызнаць, што мы займаем аднолькавую пазіцыю ў адносінах да такіх каштоўнасцей, як пашана прыроды ўсіх рэчаў, сузіранне, пакора, прастата, спачуванне і велікадушнасць. Гэтыя каштоўнасці спрыяюць будаванню жыцця без насілля, ураўнаважанага, з задавальненнем ад таго, што нясе нам кожны дзень».

У пасланні ўзгадваюцца словы папы Бэнэдыкта XVI аб тым, што «розныя праяўленні знішчэння навакольнага асяроддзя… нагадваюць нам аб пільнай патрэбе пашаны прыроды». Каталіцкі Касцёл, як дадаецца, прызнае, што ахова навакольнага асяроддзя цесна звязана з інтэгральным развіццём чалавека, які, са свайго боку, «удзельнічае не толькі ў справе аховы зямлі, вады і паветра як дароў, прызначаных для ўсіх, але таксама заахвочвае іншых да прыняцця высілкаў у справе абароны чалавецтва ад самазнішчэння». «Наш абавязак аховы прыроды вынікае з рэчаіснасці, з нашай узаемнай павагі; паходзіць ад права, запісанага ў сэрцах усіх людзей. У выніку, калі грамадства клапоціцца аб экалогіі чалавека, то адначасова чэрпае з гэтага карысць таксама экалогія навакольнага асяроддзя», — цытуюць аўтары паслання энцыкліку Бэнэдыкта XVI «Caritas in veritate» («Міласэрнасць у праўдзе»).

Хрысціяне і будысты, як падкрэсліваецца ў пасланні, маюць глыбокую павагу да чалавечага жыцця. З гэтай прычыны надзвычай важным з’яўляецца заахвочванне да экалагічнай адказнасці, а разам з тым і пацвярджэнне «нашага супольнага пераканання адносна недатыкальнасці жыцця ў кожны момант і ў любых абставінах, годнасці асобы і выключнай місіі сям’і, у якой вучымся любові да бліжняга і шанаванню прыроды».

«Супольна мы можам спрыяць здаровым адносінам паміж чалавечымі істотамі і прыродным асяроддзем», — адзначаецца ў дакуменце.

 
© 2003-2024 Catholic.by